выбары Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
07.05.2024

Інфармацыя аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалась ў красавіку 2024 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за красавік 2024 года склала +10,1°С, што вышэй за кліматычную норму на 2,3°С. Красавік бягучага года заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны і знаходзілася ў асноўным у межах ад 2,0 да 3,0°С. Сярэдняя тэмпература паветра першых двух дэкад месяца была вышэй за норму. Асабліва цёплай была першая дэкада са станоўчай анамаліяй роўнай 6,7°С, звычайна такі тэмпературны рэжым характэрны для першай дэкады мая. Трэцяя дэкада была халоднай з сярэдняй тэмпературай паветра на 1,0°С ніжэй за норму.

За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 85 мм ападкаў, што склала 218% кліматычнай нормы. Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала 200-300% кліматычнай нормы ападкаў. На асобных пунктах назірання па тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцей былі абноўлены Гістарычныя месячныя і сутачныя максімумы сум ападкаў.

Па абласцях больш за ўсё ападкаў было адзначана на тэрыторыі Гомельскай вобласці – у сярэднім 111 мм або 292% нормы. Менш за ўсё – на тэрыторыі Брэсцкай вобласці-58 мм або 151% нормы. На працягу ўсіх трох дэкад месяца адзначалася залішняе ўвільгатненне. 

У красавіку, у выніку выпадзення ападкаў, на большасці рэк краіны адзначаўся рост узроўняў вады. У трэцяй дэкадзе месяца на рэках паўсюдна адбываўся рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю да 100 см за суткі. У сувязі з гэтым ўзроўні вады на асобных участках рэк наблізіліся да небяспечных высокіх адзнак, а на Дняпры ў г.Жлобін, прытоку Сожа рацэ Проня ў в. Палятухі і прытоку Прыпяці рацэ Пціч у в. Першая Слабодка значэння узроўняў вады перавысілі небяспечныя высокія адзнакі, і да канца месяца тут, а таксама на Прыпяці ў г.Петрыкаў ўзроўні вады перавышалі небяспечныя высокія адзнакі.

Воднасць большасці рэк у красавіку была блізкая да нормы, толькі воднасць Нёмана і Бярэзіны апынулася менш звычайнай для гэтай пары года. 
Тэмпература вады ў рэках і вадаёмах на канец месяца знаходзілася ў межах ад 8,0°С да 16°С.

Спецыялізаваныя сайты