Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.06.2021

Дзень аховы навакольнага асяроддзя

5 чэрвеня сусветнай супольнасцю штогод адзначаецца Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.02.2000 №35 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157» пералік святочных дзён дапоўнены Днём аховы навакольнага асяроддзя - 5 чэрвеня. Гэтае свята, як і іншыя экалагічныя даты, праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці на такія з'явы як прыродныя катаклізмы, скарачэнне біяразнастайнасці, новыя хваробы, якія з'яўляюцца вынікам нашага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Можа быць, падчас штодзённай руціны спраў, праблем і ўласных клопатаў чалавек не заўважае, як сваімі дзеяннямі наносіць непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю. Вось менавіта таму і існуюць такія даты - каб спыніцца, задумацца і распачаць пэўныя дзеянні для мінімізацыі негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
У Беларусі праблемамі аховы навакольнага асяроддзя займаецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (Мінпрыроды), якое з'яўляецца родапачынальнікам вялікай колькасці экалагічных ініцыятыў. Белгідрамет, як падпарадкаваная Мінпрыроды арганізацыя, уносіць свой вялікі ўклад у вывучэнне праблем навакольнага асяроддзя, бо займаецца маніторынгам паверхневых вод, атмасфернага паветра, удзельнічае ў маніторынгу зямель, а таксама ажыццяўляе кантроль радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя. Задачамі Белгідрамета таксама з'яўляюцца забеспячэнне радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, правядзенне радыяцыйнага маніторынгу ў складзе нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь і ажыццяўленне аператыўнага кантролю і прагназавання зон распаўсюджвання радыеактыўнага забруджвання.
Па выніках праведзеных работ праводзіцца забеспячэнне насельніцтва і органаў дзяржаўнага кіравання экалагічнай інфармацыяй і інфармацыяй, якая атрымліваецца па выніках правядзення кантролю радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя.
У верасні 2020 года супрацоўнікі Белгідрамета наведалі першы сезон конкурсу Belarus Green Awards 2020, арганізаваны пры падтрымцы Мінпрыроды, які сабраў і вызначыў лепшыя бізнес-ідэі экалагічнай сферы: ад адной са школьных ініцыятыў (праект «Адходы ў даходы» па стварэнні цыклічнай эканомікі) да IT-праекта «Е3» па стварэнні і развіццю экалагічнага электроннага дакументаабароту. У 2021 годзе ў Беларусі аб'яўлены 2 сезон конкурсу экалагічных стартапаў.
Першаснай прафсаюзнай арганізацыяй Белгідрамета ў сакавіку 2021 быў арганізаваны і праведзены фотаконкурс, прысвечаны тэме «Акіян, наш клімат і надвор'е», які звярнуў увагу супрацоўнікаў на праблемы навакольнага асяроддзя, якія зараз хвалююць сусветную грамадскасць, звязаныя са змяненнем клімату.
Каб заклікаць грамадскасць да актыўных дзеянняў па ахове навакольнага асяроддзя, праводзяцца рэспубліканскія экалагічныя акцыі, у якіх актыўны ўдзел прымае і Белгідрамет.
У красавіку 2021 года супрацоўнікі Белгідрамета прынялі ўдзел у маштабнай акцыі, якая праводзіцца ў рамках экалагічнага руху «Разам за чыстую і зялёную краіну».


Таксама ў красавіку работнікі Белгідрамета прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку. У рамках акцыі была арганізавана пасадка дрэў у Каладзішчанскім лясніцтве Бараўлянскага лясгаса.




У той жа час вядзецца актыўная экалагічна накіраваная інфармацыйная праца з насельніцтвам. На сайце Белгідрамета асвятляюцца важныя экалагічныя даты: Сусветны дзень водных рэсурсаў, Міжнародны Дзень Маці-Зямлі, Сусветны метэаралагічны дзень, Міжнародная экалагічная акцыя «Гадзіна Зямлі» і іншыя.
Самай буйной экалагічнай падзеяй 2021 года, прымеркаванай да Дня аховы навакольнага асяроддзя, плануецца правядзенне 3-5 чэрвеня першай міжнароднай спецыялізаванай экалагічнай выставы-форуму Ecology Expo-2021 і Рэспубліканскага экалагічнага форуму «Уцягванне грамадзянскай супольнасці ў прыняцце экалагічных рашэнняў», у якім рыхтуецца прыняць удзел і Белгідрамет. Мэта выставы-форуму - стварэнне камунікацыйнага асяроддзя для абмеркавання інавацыйных ідэй, абмену інфармацыяй аб вытворча-тэхналагічных дасягненнях у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павышэння эканамічнай аддачы ад экалагічна дружалюбных тэхналогій за кошт комплекснага падыходу па іх укараненні і выкарыстанні, садзейнічанні каардынацыі намаганняў па дасягненні мэт устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, а таксама ў мэтах шырокамаштабнага паказу высокатэхналагічных, інавацыйных распрацовак і гатовых рашэнняў.


У вырашэнні экалагічных праблем вельмі многае залежыць ад пазіцыі кожнага асобна ўзятага чалавека, якая можа істотна змяніць як сваё стаўленне да пытанняў экалогіі, так і, у канчатковым выніку, стан навакольнага асяроддзя.
Вось некалькі прыкладаў таго, як кожны чалавек можа палепшыць навакольнае асяроддзе:
* карыстацца грамадскім транспартам, каршэрынгам, роварам, альбо перасоўвацца пешшу;
* перайсці на выкарыстанне аўтамабіля з гібрыднай або электрычнай сілавой устаноўкай і заказваць электрычнае таксі;
* выключаць рухавік аўтамабіля падчас стаянкі;
* кампаставаць арганічныя харчовыя адходы і перапрацоўваць неарганічныя адходы;
* перайсці на выкарыстанне высокаэфектыўных сістэм ацяплення і абсталявання;
* зберагаць энергію: выключаць святло і электрапрыборы, калі яны не выкарыстоўваюцца;
* аддаваць перавагу нетаксічным фарбам і мэблі.

Белгідрамет віншуе калег з Днём аховы навакольнага асяроддзя і выказвае падзяку ўсім, хто сваё жыццё прысвячае клопату аб навакольным асяроддзі!

Мы заклікаем усіх жыць у згодзе з прыродай, не парушаючы яе законаў і парадкаў, разумна выкарыстоўваць яе багацце, каб захаваць нашу планету для будучых пакаленняў!

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў