Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
26.04.2021

26 красавіка - Дзень чарнобыльскай трагедыі

Паважаныя ўдзельнікі ліквідацыі
наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС!

Мінула ўжо 35 гадоў з таго дня, калі выбух рэактара на Чарнобыльскай АЭС стаў новым пунктам адліку ў гісторыі развіцця ўсёй чалавечай цывілізацыі.
Наступствы чарнобыльскай катастрофы закранулі многія краіны, але ў найбольшай ступені пацярпелі Беларусь, Украіна і Расія. Зонай радыеактыўнага забруджвання стала амаль чвэрць тэрыторыі, на якой пражывала пятая частка насельніцтва нашай краіны. Дзесяткі тысяч чалавек былі адселены з найбольш забруджаных раёнаў, мільёны людзей падвергліся ўздзеянню нізкіх доз радыяцыі. Для Беларусі чарнобыльская трагедыя стала нацыянальным бедствам.
Штогод 26 красавіка ўвесь свет успамінае аб ахвярах і цяжкіх наступствах Чарнобыльскай катастрофы, успамінае пра тых, хто не шкадуючы здароўя і жыцця, стаў на барацьбу з радыяцыйнай стыхіяй.
Белгідрамет памятае пра ўсіх сваіх супрацоўніках, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Дзякуем Вам за добрасумленную працу і праяўленую мужнасць. Жадаем здароўя, шчасця і дабрабыту Вам і вашым блізкім!

АВАРЫЯ НА ЧАЭС-КОМПЛЕКС ЭКАЛАГІЧНЫХ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫХ ПРАБЛЕМ

26 красавіка 1986 года – фатальны дзень, калі выбух рэактара на Чарнобыльскай АЭС стаў новым пунктам адліку ў гісторыі развіцця ўсёй чалавечай цывілізацыі.
Гэтая катастрофа нанесла Беларусі сур'ёзны ўдар па ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека.
У выніку аварыі радыеактыўнаму забруджванню цэзіем-137 з узроўнямі больш за 37 кБк/м2 (1 Кі/км2) падвергнуліся 23% тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (46,45 тыс.км2), стронцыем-90 з узроўнямі больш за 5,55 кБк/м2 (0,15 Кі/км2) - 10% тэрыторыі (21,1 тыс. км2), ізатопамі плутонію з узроўнямі больш за 0,37 кБк/м2 (0,01 Кі/км2) - амаль 2% тэрыторыі (каля 4,0 тыс. км2).
Пагаршэнне здароўя насельніцтва, дысбаланс сацыяльнай сферы, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўнічага комплексу, транспарту, сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, забруджванне мінеральна-сыравінных, водных, лясных і іншых рэсурсаў, а таксама дадатковыя выдаткі, звязаныя з ажыццяўленнем мер па перасяленню, ліквідацыі і мінімізацыі наступстваў катастрофы, парушылі ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё тэрыторый і нанеслі краіне шкоду, сумарны памер якога ў разліку на 30-гадовы перыяд ацэньваецца ў 235 млрд.долараў ЗША, што роўна 32-м бюджэтам рэспублікі 1985 года.
У ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС разам з іншымі міністэрствамі і ведамствамі прымала ўдзел Беларускае рэспубліканскае ўпраўленне па гідраметэаралогіі і кантролю прыродных рэсурсаў (у цяперашні час – Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» (Белгідрамет) Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь).
Наяўная ў 1986 годзе сетка радыяцыйнага маніторынгу дазволіла ацаніць дынаміку ўзроўняў магутнасці дозы гама-выпраменьвання і канцэнтрацыі ёду-131 і цэзія-137 у паветры ў першыя дні пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі былі зроблены намаганні па ацэнцы радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі і пашырэнні сеткі пунктаў назіранняў радыяцыйнага маніторынгу.
Адразу ж быў арганізаваны адбор пробаў глебы на забруджаных тэрыторыях каля ЧАЭС. Для гэтых мэтаў у Маскве былі зафрахтаваны верталёты і набыты камплекты ахоўнага адзення.
У 1986 годзе ў Інстытуце ядзернай энергетыкі АН БССР (цяпер - Дзяржаўная навуковая ўстанова «АІЭЯД-Сосны») была падрыхтавана першая карта радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі рэспублікі цэзіем-137, у падрыхтоўцы якой прымалі непасрэдны ўдзел спецыялісты Белгідрамета.
У 1987 годзе сумесна з маскоўскімі спецыялістамі праведзена экспедыцыя па абследаванні водных аб'ектаў, забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС. Экспедыцыя праводзілася на цеплаходзе Гомельскага параходства.
У 1991 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС". У гэты перыяд было арганізавана шырокамаштабнае правядзенне радыяцыйнага абследавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку падворнага абследавання населеных пунктаў, размешчаных на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях. Вынікі абследавання сістэматызаваліся, аналізаваліся і выкарыстоўваліся пры занаванню тэрыторыі рэспублікі па ўзроўнях радыеактыўнага забруджвання.
Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС" не радзей за адзін раз на 5 гадоў на аснове ўдакладненых дадзеных абнаўляецца і зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь пералік населеных пунктаў і аб'ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, праект якога рыхтуюць спецыялісты Белгідрамета. Прынятае занаванне эфектыўна выкарыстоўваецца пры планаванні і правядзенні мерапрыемстваў па мінімізацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі насельніцтва.
Удакладненне радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі населеных пунктаў, размешчаных у зоне радыеактыўнага забруджвання, праводзіцца па цяперашні час.
З 1987 года ў рэспубліцы праводзяцца рэгулярныя назіранні за радыеактыўным забруджваннем рэк Дняпроўскага басейна - Прыпяць, Днепр, Сож, Іпуць, Бесядзь.
Аналіз дадзеных па дынаміцы ўзроўняў радыеактыўнага забруджвання вады ў кантраляваных рэках паказаў, што радыяцыйная абстаноўка на водных аб'ектах стабілізавалася, сярэднегадавыя канцэнтрацыі радыенуклідаў у перыяд 1987-2019 гг. вельмі значна зменшыліся і тэмпы іх зніжэння былі розныя для кожнай з рэк. Сярэднегадавыя ўзроўні цэзія-137 у вадзе р.Іпуць (г.Добруш) зменшыліся прыблізна ў 120 раз, у р.Бесядзь (в.Свяцілавічы) – у 31 раз, у р.Сож (г.Гомель) – у 130 раз, у р.Прыпяць (г.Мазыр) – у 125 раз, у р.Днепр (г.Рэчыца) - у 20 раз.
У цяперашні час канцэнтрацыі цэзія-137 і стронцыю-90 у кантраляваных рэках значна ніжэй рэферэнтных узроўняў для пітной вады (10 Бк/л), устаноўленых гігіенічным нарматывам «крытэрыі радыяцыйнага ўздзеяння», зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2012 №213, хоць у паверхневых водах большасці кантраляваных рэк актыўнасць гэтых радыенуклідаў усё яшчэ вышэй узроўняў, якія назіраліся да аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Аднак, у малых і сярэдніх рэках, вадазборы якіх часткова знаходзяцца на тэрыторыі зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС, назіраецца больш высокае ўтрыманне радыенуклідаў у параўнанні з іншымі кантраляванымі рэкамі.
З 1992 года вядуцца работы па вывучэнню працэсаў вертыкальнай міграцыі радыенуклідаў у розных тыпах глеб на ландшафтна-геахімічных палігонах. Вынікі радыяцыйнага маніторынгу глеб паказваюць, што наяўнасць геахімічных бар'ераў (магутных слаёў дзёрну, перегнойных гарызонтаў, праслойкі гліністых мінералаў, якія фіксуюць радыёнукліды і перашкаджаюць іх пранікненню ў больш глыбокія слаі глебы) абумоўліваюць нізкую інтэнсіўнасць міграцыйных працэсаў на глебах, якія падвяргаліся механічнай апрацоўцы з моманту Чарнобыльскай аварыі. Асноўная доля запасу радыенуклідаў цэзія-137 і стронцыю-90 знаходзіцца ў верхнім 10-ці сантыметровым слое ўсіх даследаваных глеб.
У глебах зямель сельскагаспадарчага прызначэння практычна ўвесь запас радыенуклідаў знаходзіцца ў 20-25-ці сантыметровым апрацоўваным слое глебы.
Праведзеныя ахоўныя меры ў аграпрамысловым комплексе пасля Чарнобыльскай аварыі (памяншэнне забруджвання прадукцыі раслінаводства за кошт дыферэнцыраванага рэгулявання мінеральнага харчавання, прымяненне новых формаў угнаенняў, тэхналагічны падзел кармоў у залежнасці ад ступені іх забруджвання радыенуклідамі, нармаванне рацыёнаў буйной рагатай жывёлы з выкарыстаннем дабавак, якія зніжаюць утрыманне радыенуклідаў у малацэ і інш.) былі высокаэфектыўнымі, паколькі не толькі прадухілілі каля 40% калектыўнай унутранай дозы апраменьвання, але і спрыялі стварэнню фундаменту ўрадлівасці глеб, які гарантуе вытворчасць нарматыўна-чыстых прадуктаў харчавання на перспектыву.
Важнай задачай стала выкарыстанне сучасных метадаў аўтаматызаванага кантролю і маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі, якія адказваюць міжнародным патрабаванням.
На базе Белгідрамета створаны і функцыянуюць 4 аўтаматызаваныя сістэмы радыяцыйнага кантролю (далей АСРК-1,-2,-3,-4), якія размешчаны ўздоўж межаў рэспублікі і забяспечваюць аператыўны радыяцыйны кантроль у зонах уплыву Чарнобыльскай, Смаленскай, Ровенскай, Ігналінскай АЭС.
Больш дасканалая аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі створана і ў раёне размяшчэння Беларускай АЭС.
Сёння, праз 35 гадоў пасля Чарнобыльскай аварыі, радыяцыйная сітуацыя на забруджаных тэрыторыях стабільная і прагназуемая. Ідзе зніжэнне доз апрамянення за кошт натуральных фізічных працэсаў (радыеактыўны распад радыенуклідаў, гарызантальная і вертыкальная міграцыя, працэсы выветрывання і паветранага пераносу) і дзейнасці чалавека.
Аднак наступствы Чарнобыльскай аварыі носяць доўгачасовы характар, мерапрыемствы па іх мінімізацыі будуць актуальны яшчэ доўгі час.
Сумны вопыт пераадолення наступстваў самай буйной радыяцыйнай аварыі, памяць пра людзей, якія выканалі на высокім узроўні свой прафесійны і грамадзянскі абавязак, з'яўляюцца штодзённым напамінам сучаснаму грамадству аб неабходнасці разумнага выкарыстання дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу.
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў