Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
11.09.2023

Кліматычная характарыстыка лета 2023 года

Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон 2023 года склала +19,0°C, што на 1,0°C вышэй за кліматычную норму. Лета 2023 года заняло 8-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезона, пачынаючы з 1881 года.
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за летні сезон ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі за перыяд 1991-2023 гг.

Па ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем станцыі Езярышча, адзначалася станоўчая анамалія тэмпературы паветра, якая знаходзілася ў асноўным у межах ад +0,6 да +1,8°С.
Адхіленне (°С) сярэдняй тэмпературы паветра летняга сезону ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

У абласным разрэзе найбольшыя значэнні станоўчых анамалій тэмпературы паветра адзначаны ў Гродзенскай вобласці (+1,2°С), у Магілёўскай і Гомельскай абласцях адхіленні былі найменшымі (+0,9°С).
За мінулае лета адзначана ад 26 да 48 гарачых дзён (з тэмпературай +25°С і вышэй) пры норме 29-59 дзён і ад 2 да 20 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай +30°С і вышэй) пры норме 1-13 дзён.
Максімальная тэмпература паветра летняга сезону (+34,5°C) адзначана 6 жніўня на станцыі Лельчыцы. Мінімальная тэмпература паветра зарэгістраваная на станцыі Палеская 4 чэрвеня і склала -1,1°С.
Сярэдняя тэмпература паветра па месяцах лета 2023 г. і Кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

Тэмпературны рэжым лета быў неаднародным. Цёплымі былі чэрвень і жнівень, ліпень быў трохі халадней звычайнага.
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень 2023 года склала +17,7°C, што вышэй за кліматычную норму на 0,7°C. Месяц пачаўся з халоднай першай дэкады з тэмпературай паветра на 0,8°C ніжэй за норму. Другая і трэцяя дэкады былі цёплымі са станоўчай анамаліяй роўнай 1,1 і 1,7°C адпаведна. 
З 15 па 25 чэрвеня была адзначана інтэнсіўная хваля цяпла на большай частцы тэрыторыі краіны, за выключэннем паўднёва-заходніх раёнаў рэспублікі. У чэрвені таксама назіралася ад 1 да 5 дзён з максімальнай тэмпературай паветра +30ºС і больш пры норме для дадзенага месяца 1-3 дня. 
Максімальнага значэння (+31,5°C) тэмпература паветра дасягнула 18 чэрвеня на станцыі Вілейка. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Палеская 4 чэрвеня і склала -1,1°С. 
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за ліпень 2023 года склала +18,6°С, што ніжэй за кліматычную норму на 0,3°С. 
Першая і другая дэкады былі цёплымі са станоўчай анамаліяй роўнай 0,8 і 0,3°С адпаведна. Трэцяя дэкада месяца была халоднай з адмоўнай анамаліяй роўнай 1,8°С.
Максімальнага значэння (+34,3°C) тэмпература паветра дасягнула 17 ліпеня на станцыі Лельчыцы. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Езярышча 13 ліпеня і склала + 3,9°С. 
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за жнівень 2023 года склала +20,7°С, што вышэй за кліматычную норму на 2,7°С. Жнівень 2023 года заняў 2 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. 
Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад была вышэйшай за норму. Вельмі гарачымі выдаліся другая і трэцяя дэкады з станоўчай анамаліяй 3,6 і 3,7°С адпаведна. 
Максімальнага значэння (+34,5°C) тэмпература паветра дасягнула 6 жніўня на станцыі Лельчыцы. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Бярэзінскі запаведнік 9 жніўня і склала +5,9°С. 
У жніўні назіралася некалькі хваляў цяпла, самая інтэнсіўная была адзначана з 13 па 21 жніўня. У жніўні таксама было зарэгістравана ад 2 да 13 дзён з максімальнай тэмпературай паветра +30°С і вышэй. У асобныя суткі на многіх станцыях назіраліся трапічныя ночы (мінімальная тэмпература паветра за ноч складала +20°С і больш). 
За летні сезон 2023 года ў сярэднім па Беларусі выпала 228,8 мм ападкаў, што складае 101% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ўмовы ўвільгатнення былі неаднастайныя. Па большай частцы тэрыторыі выпала 90-120% сезоннай нормы.
Адхіленне (%) сумы ападкаў за летні сезон ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

У абласным разрэзе найбольшая за сезон колькасць ападкаў выпала ў Брэсцкай вобласці - 254 мм або 116% кліматычнай нормы. Найменшая колькасць ападкаў выпала ў Гродзенскай вобласці - 201 мм або 90% кліматычнай нормы.
Колькасць ападкаў за лета 2023 года і Кліматычная норма па абласцях і тэрыторыі Беларусі

На працягу сезона ападкі выпадалі нераўнамерна.
Колькасць ападкаў па месяцах лета 2023 года і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

За чэрвень у сярэднім па рэспубліцы выпала 61,4 мм ападкаў, што склала 85% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. Па большай частцы рэспублікі адзначаўся недабор ападкаў, а па поўначы выпала менш за 50% нормы. Па захадзе, паўднёвым захадзе, поўдні і ўсходзе краіны выпала 100-150% нормы ападкаў за месяц. 
За ліпень у сярэднім па рэспубліцы выпала 85,9 мм ападкаў, што склала 96% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. Па большай частцы рэспублікі адзначаўся недабор ападкаў. Па паўночным усходзе, усходзе, цэнтральнай частцы і поўдні краіны выпала 100-200% нормы ападкаў за месяц. На станцыі Орша быў абноўлены гістарычны сутачны максімум сумы ападкаў.
У жніўні ў сярэднім па рэспубліцы выпала 81,5 мм ападкаў, што склала 128% кліматычнай нормы. Па ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем асобных пунктаў назірання, адзначаўся лішак ападкаў: выпала ад 100 да 200% нормы. 
Летнія дажджы насілі пераважна ліўневы характар, месцамі суправаджаліся навальніцамі і выпадзеннем граду. Адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш, месцамі дасягнула крытэра небяспечнай гідраметэаралагічнай з'явы (25 м/с і больш). Максімальная хуткасць ветру зарэгістраваная 20 жніўня на станцыі Драгічын (27 м/с) і 7 жніўня на АМСГ Орша (36 м/с).
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў