Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
06.09.2021

Кліматычная характарыстыка лета 2021 года

 
Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон 2021 года склала +20,0°С, што на 2,6°С вышэй за кліматычную норму. Лета 2021 года заняло 2-е месца ў 141-гадовым ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезона, саступіўшы толькі лету 2010 года. Станоўчая анамалія распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Магілёўскай вобласці (2,9°С).
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за летні сезон
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

За мінулае лета адзначана ад 36 да 66 гарачых дзён (з тэмпературай +25°С і вышэй) пры норме 22-48 дзён і ад 7 да 32 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай +30°С і вышэй) пры норме 1-6 такіх дзён.
Максімальная тэмпература паветра летняга сезону (+37,1°С) зарэгістравана 23 чэрвеня на станцыі Кастрычнік, мінімальная (+1,0°С) - 1 чэрвеня на станцыі Мінск і 25 жніўня на станцыі Езярышча.
Сярэдняя тэмпература паветра па месяцах лета 2021 года
і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

Тэмпературны рэжым лета быў неаднародным. Вельмі цёплымі былі першыя два месяцы, жнівень быў блізкім да нормы.
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень склала +19,9°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,5°С. Чэрвень 2021 года заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года.
Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад чэрвеня перавышала кліматычную норму. Тэмпература паветра ў першай дэкадзе была вышэй за норму на 1,3°С. Вельмі цёплымі выдаліся другая і асабліва трэцяя дэкады, сярэдняя тэмпература паветра якіх перавысіла кліматычную норму на 3,1 і 6,2°С адпаведна. У трэцяй дэкадзе чэрвеня адзначалася інтэнсіўная хваля цяпла, у выніку якой дзённыя тэмпературы ў асобныя суткі месцамі перавышалі 35-ці градусную адзнаку, дасягнуўшы крытэрыя небяспечнай з'явы. Акрамя таго, на большай частцы тэрыторыі Беларусі, за выключэннем асобных пунктаў назіранняў пераважна на Захадзе, былі абноўлены абсалютныя максімумы тэмпературы паветра для чэрвеня. Папярэднія значэнні абсалютных максімумаў тэмпературы паветра былі адзначаны ў асноўным на працягу апошніх дваццаці гадоў, але на асобных пунктах назірання перавышаны тэмпературныя рэкорды чэрвеня, якія трымаліся больш за сто гадоў. Так на станцыях Барысаў і Васілевічы абноўлены чэрвеньскія рэкорды максімальнай тэмпературы паветра, адзначаныя ў 1901 годзе, а на станцыі Пінск перавышаны рэкорд, адзначаны ў чэрвені 1885 года.
Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+37,1ºС) зарэгістравана на метэастанцыі Кастрычнік 23 чэрвеня. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра (+1,0°С) адзначана на станцыі Мінск 1 чэрвеня.
У ліпені сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала +22,5°С, што вышэй за кліматычную норму на 4,1°С. Ліпень 2021 года заняў 2 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1881 года. Першае месца належыць ліпеню 2010 года.
Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад перавышала кліматычную норму. Вельмі цёплымі выдаліся першая і другая дэкады, сярэдняя тэмпература паветра якіх перавысіла кліматычную норму на 4,4 і 6,0°С адпаведна. Тэмпература паветра ў трэцяй дэкадзе была вышэй за норму на 2,2ºС. У першай-другой дэкадах ліпеня адзначаўся перыяд з анамальна гарачым надвор'ем (хваля цяпла), на працягу якога тэмпература паветра днём знаходзілася пераважна ў межах +30 +34°С, а ў асобныя суткі месцамі перавышала 35-ці градусную адзнаку, дасягнуўшы крытэрыю небяспечнай з'явы.
Максімальная за ліпень тэмпература паветра (+35,5°С) адзначана на станцыі Магілёў 12 ліпеня і на станцыі Лельчыцы 17 ліпеня. Мінімальнае значэнне тэмпературы (+6,8°С) адзначана на станцыях Езярышча і Лынтупы 22 ліпеня.
У жніўні сярэдняя па краіне тэмпература паветра склала 17,5°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,2°С.
Сярэдняя тэмпература паветра ў першай і другой дэкадах была вышэй нормы на 0,4 і 1,0ºС. Тэмпература паветра ў трэцяй дэкадзе была ніжэй за норму на 0,9ºС. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра за месяц адзначана на станцыі Брагін 17 жніўня і склала 34,3ºС. Мінімальнае значэнне тэмпературы (+1,0°С) адзначана на станцыі Езярышча 25 жніўня.
Колькасць ападкаў за лета 2021 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі

За лета 2021 года ў сярэднім па Беларусі выпала 241 мм ападкаў, што складае 104% кліматычнай нормы летняга сезону. Найбольшая за сезон колькасць ападкаў выпала ў Брэсцкай вобласці – 306 мм або 137% кліматычнай нормы. Менш за ўсё ападкаў выпала ў Магілёўскай вобласці – 175 мм або 77% кліматычнай нормы.
На працягу сезону ападкі выпадалі нераўнамерна.
У чэрвені і ліпені ў сярэднім па краіне адзначаўся істотны недабор ападкаў: у чэрвені выпала 55 мм ападкаў, што склала 67% кліматычнай нормы, у ліпені – 66 мм або 78% кліматычнай нормы. У жніўні назіраўся лішак увільгатнення – у сярэднім па тэрыторыі краіны за месяц выпала 121 мм ападкаў або 180% кліматычнай нормы.
Нягледзячы на тое, што першыя два месяцы ў цэлым адзначаны недаборам ападкаў, па асобных пунктах назіранняў у гэты перыяд сума месячных ападкаў перавышала норму. У жніўні паўсюдна колькасць ападкаў склала 1-3 нормы. Летнія дажджы насілі пераважна ліўневы характар, месцамі суправаджаліся навальніцамі і выпадзеннем граду. У асобныя суткі ападкі месцамі былі вельмі моцнымі і дасягалі крытэрыю небяспечнай з'явы.
Колькасць ападкаў па месяцах лета 2021 года і
кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

На працягу летняга сезона ў асобных раёнах адзначалася ўзмацненне ветру парывамі да 15 м/с і больш, а месцамі хуткасць ветру дасягала крытэра небяспечнай з'явы. Так на ГП Сураж і Ула 25 чэрвеня хуткасць ветру па шкале Бафорта перавышала 33 м/с. У асобныя суткі ў начныя і ранішнія гадзіны месцамі назіраліся туманы.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў