Нацыянальны Герб Рэспублiкi Беларусь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Аб Белгідрамеце / Дзейнасць / Гідраметэаралагічная
23.03.2018

Гідраметэаралагічная

Гідраметэаралагічная дзейнасць накіравана на атрыманне адпаведнай інфармацыі пры ажыццяўленні метэаралагічных (прыземных метэаралагічных, аграметэаралагічных, актынаметрычных, аэралагічных, метэаралагічных радыёлакацыйных, авіяцыйных метэаралагічных) і гідралагічных назіранняў. Дзейнасць таксама звязана з апрацоўкай, аналізам, захоўваннем i прадастаўленнем гідраметэаралагічнай інфармацыі спажыўцам, складаннем гідраметэаралагічных прагнозаў.
Крыніцай гідраметэаралагічнай інфармацыі з'яўляецца дзяржаўная сетка гідраметэаралагічных назіранняў, якая ўяўляе сабой сістэму ўзаемазвязаных стацыянарных пунктаў назіранняў, што забяспечваюць атрыманне першасных гідраметэаралагічных даных, якія  адпавядаюць патрабаванням дакладнасці вынікаў назіранняў. Гэта дасягаецца праз выкарыстанне правераных і працаздольных прыбораў і ўстановак, захаванне патрабаванняў методык, рэпрэзентатыўнасць умоў размяшчэння стацыянарных пунктаў назіранняў.
Прыземныя метэаралагічныя назіранні праводзяць для атрымання метэаралагічных даных у прыземным слоі атмасферы. Яны  вызначаюць стан і развіццё фізічных працэсаў у атмасферы пры ўзаемадзеянні з падсцілаючай паверхняй. Гэта інструментальныя вымярэнні ва ўстаноўленыя тэрміны метэаралагічных параметраўія характарызуюць гэтыя працэсы, і візуальнае вызначэнне асноўных характарыстык найбольш важных атмасферных з'яў. Метэаралагічныя даныя выкарыстоўваюць пры распрацоўцы гідраметэаралагічных прагнозаў, складанні абагульненняў (даведнікаў, атласаў, штогоднікаў), для кліматычных апісанняў тэрыторый, разліку статыстычных параметраў, гідраметэаралагічных элементаў, а таксама для прадастаўлення дзяржаўным органам, арганізацыям і фізічным асобам.
Першыя інструментальныя (з дапамогай прыбораў) назіранні на тэрыторыі Беларусі датаваны пачаткам першай паловы XIX стагоддзя: у Магілёве 1808 год, у Віцебску 1810 год, у Брэсце 1834 год, у Гродна 1836 год, у Мінску 1846 год, у Гомелі 1891 год.
У наш час прыземныя метэаралагічныя назіранні ажыццяўляюць 114 стацыянарных пунктаў назіранняў, з іх - 51 станцыя і 63 пасты. 
На 38 станцыях назіранні праводзяць кругласутачна. Яны   ахопліваюць больш за 40 метэаралагічных параметраў (тэмпература паветра, вільготнасць, вецер, ціск і іншыя). Спецыялісты кругласутачна адсочваюць неспрыяльныя і небяспечныя з'явы надвор'я (моцны вецер, моцныя ападкі, нізкая воблачнасць, дрэнная бачнасць, галалёдна-шэраневыя адклады) і перадаюць у Белгідрамет для далейшага давядзення звестак дзяржаўным органам  і насельніцтву.
Прыземныя метэаралагічныя назіранні па скарочанай праграме (без начных дзяжурстваў) праводзяць на 13 станцыях і 63 пастах.
Актынаметрычныя назіранні прызначаны для вывучэння радыяцыйнага рэжыму тэрыторыі. Радыяцыйны рэжым зямной паверхні ствараецца прамяністай энергіяй сонца, якая праходзіць праз атмасферу, адлюстроўваецца ад зямной паверхні і пераўтвараецца ў розныя патокі радыяцыі. Актынаметрычны маніторынг уключае ў сябе назіранні за прамой, рассеянай, сумарнай, адлюстраванай радыяцыяй і радыяцыйным балансам.
Першыя актынаметрычныя назіранні праводзілі ў горадзе Мінску ў 1936-1937 гадах, рэгулярныя - з 1952 года. На гэты дзень на тэрыторыі Беларусі актынаметрычныя назіранні праводзяць на 11 метэаралагічных станцыях.
Аэралагічныя назіранні (радыёзандзіраванне атмасферы) праводзяць для даследавання высокіх слаёў атмасферы. Радыёзандзіраванне дае інфармацыю аб вертыкальным размеркаванні значэнняў метэаралагічных параметраў: ціску, тэмпературы і вільготнасці паветра, хуткасці і напрамку ветру на розных узроўнях атмасферы.
Радыёзандзіраванне атмасферы робяць з дапамогай аэралагічных прыбораў (радыёзондаў). Пад'ём метэаралагічнага радыёзонда (можа дасягаць вышыні 35-40 км) ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльных латэксных шароў (абалонак), якія напаўняюць лёгкім газам - вадародам альбо геліем. Радыёзонд вымярае метэаралагічныя параметры ў атмасферы і адначасова іх перадае. Наземная радыёлакацыйная станцыя забяспечвае суправаджэнне радыёзонда ў палёце, прыём і рэгістрацыю каардынатных і тэлеметрычных даных. Першы запуск радыёзонда праведзены на тэрыторыі Беларусі ў 1935 годзе.
На сённяшні дзень радыёзандзіраванне атмасферы ажыццяўляюць у пунктах гарадоў Брэст і Гомель, а матэрыялы назіранняў выкарыстоўваюць пры складанні сінаптычных прагнозаў авіяцыяй і іншымі ведамствамі.

Гідралагічныя назіранні на пастах праводзяць за элементамі гідралагічнага рэжыму: вышынёй узроўню вады, расходамі вады адпаведна ўзроўню, тэмпературай вады і лядовымі з'явамі, узважанымі і доннымі наносамі на асобных пастах. Першыя даследаванні рэк Беларусі  правялі ў пачатку XVIII стагоддзя ў сувязі з засваеннем водных шляхоў і будаўніцтвам суднаходных каналаў. У другой палове XVIII стагоддзя пачалі праводзіць гідраграфічныя абследаванні на суднаходных рэках Днепр, Бярэзіна, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Нёман, Буг. У 1876 годзе пачалі стацыянарныя гідралагічныя назіранні ў Бабруйску, Мазыры, Магілёве, Гродне, Віцебску, Слоніме, Беліцы, Стоўбцах, Мастах, Оршы, Жлобіне, Лоеве, Барысаве.
Сучасныя назіранні за гідралагічным рэжымам рэк і вадаёмаў праводзяць на 109 пастах (99 рачных і 10 азёрных) і 2 балотных створах. Пасты размяшчаюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі на вялікіх, сярэдніх і малых рэках, на найбольш значных азёрах (Нарач, Дрывяты, Лукомскае) і вадасховішчах (Вілейскае, Заслаўскае, Чыгірынскае), якія маюць навуковае і рэкрэацыйнае значэнне.
На некаторых азёрах і вадасховішчах, акрамя назіранняў у прыбярэжнай зоне, праводзяць гідраметэаралагічныя назіранні на іх акваторыі.
У Белгідрамеце  ажыццяўляюць вядзенне Дзяржаўнага воднага кадастру па раздзеле «Паверхневыя воды», рыхтуюць «Штогадовыя даныя аб рэжыме і рэсурсах паверхневых вод» (гідралагічныя штогоднікі), даведнікі «Шматгадовыя даныя аб рэжыме і рэсурсах паверхневых вод» па тэрыторыі рэспублікі, куды ўваходзяць звесткі аб гідралагічным рэжыме. Акрамя гэтага, штогод падрыхтоўваюць выданні спецыялізаваных назіранняў па балотнай станцыі Палеская («Матэрыялы назіранняў балотных станцый») і 9 пунктах назіранняў за выпарэннем з воднай паверхні («Матэрыялы назіранняў за выпарэннем з воднай паверхні»).
Для аператыўнага ўліку і абагульнення змяненняў гідраграфічнай сеткі распрацавалі і ўвялі сістэму, якая дазваляе адсочваць усе змены гідраграфічнай сеткі, своечасова адлюстроўваць іх у матэрыялах воднага кадастру Беларусі. Матэрыялы кадастру выкарыстоўваюць пры рашэнні водагаспадарчых задач у гідратэхнічным будаўніцтве і абгрунтаванні мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае і эфектыўнае спажыванне водных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь.
Дзякуючы штогадовым вынікам назіранняў папаўняецца інфармацыйны банк даных "Гідралогія - рэкі і каналы», «Азёры і вадасховішчы» і г.д., што з'яўляецца асновай для падрыхтоўкі даведнікаў абагульнення гідралагічных характарыстык, навукова-даследчых работ, разлікаў гідралагічных характарыстык для абслугоўвання арганізацый, падрыхтоўкі міжведамаснага выдання Дзяржаўнага воднага кадастру.

Спецыялізаваныя сайты

Iнфармацыйныя iнтэрнэт-парталы