Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
02.09.2020

Кліматычная характэрыстыка жніўня 2020 года

У жніўні 2020 года сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала +18,6°С, што вышэй за кліматычную норму на 1,3ºС. Станоўчая анамалія сярэдняй тэмпературы паветра адзначалася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Брэсцкай вобласці (1,9ºС). У Віцебскай вобласці адхіленні тэмпературы паветра ад нормы былі найменшымі (0,8ºС). Жнівень 2020 года заняў 9 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага месяца, пачынаючы з 1945 года. 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра жніўня ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь

Усе тры дэкады былі цёплымі. Цяплей было ў першай і трэцяй дэкадах, сярэдняя тэмпература паветра якіх была вышэйшай за норму на 1,6 і 1,8ºС адпаведна. 
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма па декадам ў жніўні 2020 года

Тэмпература паветра днём у асноўным знаходзілася ў межах +20 +28ºС, а ў найбольш цёплыя суткі жніўня павышалася да +30°С і вышэй пераважна па паўднёвай палове краіны. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (+33,4°С) зарэгістраваны 20 жніўня ў Брагіне. 
У начны час тэмпература паветра знаходзілася пераважна ў межах +11 +18°С, у найбольш халодныя ночы паніжалася да +10ºС і ніжэй. Мінімальная тэмпература паветра за месяц зарэгістраваная 14 жніўня на метэастанцыі Бабруйск (+3,1°С).
Колькасць ападкаў за жнівень 2020 года і кліматычная норма па абласцях і тэрыторыі Беларусі

У жніўні ў сярэднім па краіне адзначаўся дэфіцыт ападкаў: выпала 58,6 мм або 87% месячнай нормы. Недабор увільгатнення адзначаўся па ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем Брэсцкай вобласці, дзе выпала 63,8 мм або 103% нормы. Менш за ўсё ападкаў выпала ў Гомельскай вобласці - 46,3 мм або 72% кліматычнай нормы. На асобных метэастанцыях у жніўні зарэгістравана 1,5 - 2 месячныя нормы ападкаў. На працягу месяца ападкі выпадалі вельмі нераўнамерна. 
У першай і другой дэкадах жніўня назіраўся моцны дэфіцыт ападкаў: выпала 19% і 42% нормы адпаведна. У трэцяй дэкадзе отмечатлся лішак ўвільгатнення: выпала 208% дэкаднай нормы.
Дажджы месцамі суправаджаліся навальніцамі і ўзмацненнем ветру (да 24 м/с у Ганцавічах 9 жніўня). У асобных раёнах месцамі назіраліся туманы.
Колькасць ападкаў і кліматычная норма па декадам у жніўні 2020 года
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў