Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
07.06.2019

Кліматычная характарыстыка вясны 2019 года

Сярэдняя тэмпература паветра за вясну 2019 года склала ў сярэднім па краіне +8,8°С, што вышэй за кліматычную норму на 1,9°С. Гэтая вясна заняла 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад найбольш цёплага да найбольш халоднага за перыяд 1945-2019 гадоў. 
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра гэтай вясной распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў на паўднёвым усходзе краіны на тэрыторыі Гомельскай вобласці +2,0°С, найменшых - на захадзе і паўднёвым захадзе - у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях (у сярэднім па кожнай вобласці +1,7°С).

 Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за вясну
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь

Тэмпература паветра ўсіх трох вясновых месяцаў была вышэй за норму.

Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма 
за месяцы вясновага сезону 2019 года па Рэспубліцы Беларусь
Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 0°С (пачатак вясны ў кліматалогіі) па Брэсцкай вобласці і заходняй частцы Гродзенскай, Захаду і паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці ажыццявіўся на месяц раней звычайных тэрмінаў (1-14 лютага). На астатняй тэрыторыі краіны - на 2-3 тыдні раней, чым звычайна (25 лютага – 4 сакавіка). 
Сакавік 2019 года быў цёплым, сярэдняя тэмпература паветра за месяц склала +3,4°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,2°С. Так цёпла ў сакавіку па тэрыторыі краіны бывае прыкладна адзін раз у 10-13 гадоў. 
Мінімальнае за вясну значэнне тэмпературы паветра зарэгістравана 2 сакавіка на станцыі Езярышча (-13,5°С).
У красавіку сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала 8,8°С, што на 1,5°С вышэй за кліматычную норму. Такая высокая сярэдняя за месяц тэмпература паветра ў красавіку адзначаецца па краіне прыкладна адзін раз у 10 гадоў. 
5-7 красавіка па паўднёвым усходзе на два тыдні раней, чым звычайна, а 16-22 красавіка па астатняй тэрыторыі краіны ў тэрміны блізкія да нормы, ажыццявіўся ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 8°С (заканчэнне ацяпляльнага перыяду).
Травень 2019 года ў Беларусі быў цёплым. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала 14,2°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,8°С. 
Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+28,7°С) за сезон адзначана на метэастанцыі Гомель 28 траўня. 
11-17 траўня па ўсёй тэрыторыі адбыўся пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +14°С, што лічыцца пачаткам лета ў кліматалогіі. 
За вясну ў Беларусі выпала 123 мм ападкаў, што складае 90% кліматычнай нормы за сезон. Больш за ўсё за сезон ападкаў выпала на тэрыторыі Брэсцкай вобласці (у сярэднім па вобласці 167,7 мм (або 125% кліматычнай нормы), у Магілёўскай вобласці колькасць ападкаў вясновага сезона была найменшай – у сярэднім па вобласці 104,1 мм (або 81% нормы).

Колькасць ападкаў за вясну 2019 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі
Рэжым увільгатнення на працягу сезона быў неаднародным.

Сярэдняя колькасць ападкаў і кліматычная норма 
за месяцы вясновага сезону 2019 года па Рэспубліцы Беларусь
У сярэднім па Беларусі за сакавік выпала 36,3 мм ападкаў, што склала 93% кліматычнай нормы. Ападкі выпадалі на працягу месяца ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Снежны полаг назіраўся месцамі пераважна ў першай палове месяца. У другой палове пад уплывам цёплага надвор'я ён паўсюдна разбурыўся.
За красавік у сярэднім па Беларусі выпала 7,0 мм ападкаў, што склала 18% кліматычнай нормы. Такога сухога красавіка на тэрыторыі краіны не адзначалася ні разу за пасляваенны перыяд. 
За травень у сярэднім па краіне выпала 79,7 мм ападкаў (135% кліматычнай нормы). Ападкі па тэрыторыі краіны распаўсюджваліся нераўнамерна. Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Брэсцкай вобласці - у сярэднім па вобласці 125,1 мм, або 202% нормы. Такая вялікая колькасць ападкаў для дадзенага рэгіёну не адзначалася ні разу, пачынаючы з 1945 года. 
У асобныя дні вясны месцамі адзначалася ўзмацненне ветру парывамі 15 м/с і больш, максімальная хуткасць якога (25 м/с) зарэгістравана 22 сакавіка ў Горках.  У сакавіку адзначаліся галалёдна-шэразевыя з'явы. На працягу сезону – туманы, навальніцы і град.
 
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў