Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
04.03.2020

Кліматычная характарыстыка лютага 2020 года

Люты 2020 года быў вельмі цёплым з сярэдняй тэмпературай паветра +1,6°С, што вышэй за кліматычную норму на 5,9°С. Такі цёплы люты адзначаецца другі раз за пасляваенны перыяд. Самым цёплым з'яўляецца люты 1990 года з сярэдняй тэмпературай + 2,6°С.

Адхіленне сярэдняй месячнай тэмпературы паветра лютага
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася паўсюдна. Найбольшыя адхіленні тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Віцебскай вобласці (6,6°С), найменшыя-у Брэсцкай (5,4°С).
Сярэднясутачная тэмпература на працягу месяца пераважна была станоўчай і знаходзілася ў асноўным у межах 0 +7 °С, апускаючыся ў перыяды пахаладанняў да -1-7°С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра быў зарэгістраваны ў Гродне 17 лютага і склаў +12,7°С. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра быў зарэгістраваны ў Езярышчы 8 лютага і склаў -11,1°С.
Усе тры дэкады лютага ў Беларусі былі вельмі цёплымі: першая дэкада была вышэйшай за кліматычную норму на 4,8°С, другая - на 7,3°С, трэцяя - на 5,7°С.

Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
па дэкадах лютага 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь
У лютым колькасць ападкаў у сярэднім па Беларусі склала 39,6 мм або 113% кліматычнай нормы. Празмернасць ападкаў адзначалася на ўсёй тэрыторыі краіны. Найбольшая колькасць ападкаў выпала ў Віцебскай вобласці - у сярэднім па вобласці 47,0 мм (118 % кліматычнай нормы), найменшая ў Гомельскай вобласці-у сярэднім па вобласці 35,1 мм (103% кліматычнай нормы).

Колькасць ападкаў за люты 2020 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
У першай і трэцяй дэкадах адзначалася залішняе ўвільгатненне - 129 і 117% адпаведна, у другой выпала 91 % нормы за дэкаду.

Колькасць ападкаў і кліматычная норма па дэкадах лютага 2020 года
па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, мокрага снегу і снегу. На працягу месяца снежны полаг вышынёй 0,5 – 11 см усталёўваўся месцамі на непрацяглы час. На апошні дзень месяца вышыня снегу па асобных пунктах назірання знаходзілася ў межах ад 0,5 да 4 см (метэастанцыя Езярышча), па тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей ён адсутнічаў зусім.
У асобныя суткі месяца месцамі адзначаліся туманы, на асобных участках дарог галалёдзіца. 18 лютага ў Мінску і Наваградку зарэгістраваны навальніцы. Навальніца ў лютым-рэдкая з'ява, яна назіраецца прыкладна раз у 15-20 гадоў. Па тэрыторыі ўсёй краіны за месяц адзначалася 1-7 дзен з хуткасцю ветру 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру (25 м /с), якая дасягнула крытэра небяспечнай з'явы, зарэгістраваная ў Ашмянах 23 лютага. 18 лютага навальніца адзначалася ў Мінску і Наваградку. У лютым дадзеная з'ява адзначаецца прыкладна 1 раз у 15 гадоў.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў