Нацыянальны Герб Рэспублiкi Беларусь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
10.09.2019

Кліматычная характарыстыка лета 2019 года

Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон 2019 года склала +18,6°С, што на 1,2°С вышэй за кліматычную норму. Станоўчая анамалія тэмпературы за сезон адзначана па ўсёй тэрыторыі краіны. Цяплей за ўсё было на тэрыторыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, дзе адхіленні ад нормы былі найбольшымі і склалі +1,9°С, найменшыя станоўчыя адхіленні ад нормы адзначаны ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях - +0,7°С.
 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за летні сезон
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі
За гэтае лета адзначана ад 26 да 54 гарачых дзён (з тэмпературай +25°С і вышэй) пры норме 22-48 дзён. Лік вельмі гарачых дзён з максімальнай тэмпературай паветра + 30°С і вышэй у гэтым годзе склаў ад 2 да 20, у той час як звычайна рэгіструецца ад 1 да 6 дзён з такімі тэмпературамі. 
Максімальная тэмпература паветра за тры летнія месяцы склала +36,4°С (1 ліпеня станцыя Брагін). Мінімальная (+2,9°С) адзначана 13 ліпеня на станцыі Езярышча і 5 жніўня ў Брагіне.
           
Сярэдняя тэмпература паветра па месяцах лета 2019 года 
і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі
Тэмпературны рэжым лета 2019 года быў неаднародным. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за першы летні месяц 2019 года склала +21,0°С, што вышэй за кліматычную норму на 4,6°С. Такі цёплы чэрвень на тэрыторыі Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей адзначаны ўпершыню за пасляваенны перыяд. На тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей такі чэрвень бывае прыкладна 1 раз у 37 гадоў, а на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – прыкладна адзін раз у 25 гадоў. Усе тры дэкады месяца перавышалі кліматычную норму. Па многіх метэастанцыях былі перавышаны месячныя тэмпературныя рэкорды. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+34,7°С) зарэгістравана на метэастанцыі Жлобін 12 чэрвеня. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра (6,0°С) адзначана на станцыі Лынтупы 3 чэрвеня. 
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра ліпеня 2019 года склала +17,1°С, што ніжэй за кліматычную норму на 1,3°С. Такая і больш нізкая тэмпература паветра ў сярэднім па краіне на працягу апошніх 75 гадоў у ліпені бывае прыкладна адзін раз у 3-4 гады, а пачынаючы з 2001 года-адзначаецца ўпершыню. Па тэмпературнаму рэжыму месяц быў неаднародным. Першая і другая дэкады ліпеня 2019 года былі халоднымі. Сярэдняя тэмпература паветра за трэцюю дэкаду была на 0,5°С вышэй дэкаднай кліматычнай нормы. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра за месяц зарэгістравана 1 ліпеня на метэастанцыі Брагін (+36,4°С), абнавіўшы абсалютны максімум тэмпературы ліпеня для дадзенай станцыі. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра зарэгістравана 13 ліпеня на станцыі Езярышча (+2,9°С). 
У жніўні 2019 года сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала 17,7°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,4 ºС. Тэмпературны рэжым жніўня быў нераўнамерным. Першая дэкада была халоднай, другая і трэцяя дэкады -цяплей звычайнага. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (+33,3°С) зарэгістраваны 13 жніўня ў Брагіне. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра (+2,9°С) зарэгістраваны 5 жніўня ў Брагіне.
За лета ў сярэднім па Беларусі выпала 212 мм ападкаў, што складае 91% кліматычнай нормы летняга сезона. Найбольшая за месяц колькасць ападкаў выпала ў Віцебскай вобласці-254 мм або 104% кліматычнай нормы. Менш за ўсё ападкаў выпала ў Гродзенскай вобласці-168 мм або 72% кліматычнай нормы.
 
Колькасць ападкаў за лета 2019 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі
У гэтым сезоне адзначаліся як вільготныя перыяды, так і сухія. Чэрвень характарызаваўся значным недаборам ападкаў: у сярэднім па рэспубліцы ў чэрвені выпала 44,2 мм ападкаў (55% нормы). У ліпені і жніўні зарэгістравана 91,1 і 76,8 мм ападкаў, або 107% і 115% кліматычнай нормы адпаведна. У жніўні па асобных метэастанцыях выпала 1,5 - 2 месячных нормы ападкаў.
 
Колькасць ападкаў па месяцах лета 2019 года і 
кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, часцяком суправаджаліся навальніцамі, месцамі выпадаў град. У асобныя суткі дажджы былі вельмі моцнымі і месцамі дасягалі крытэрыяў небяспечнай з'явы. Сутачны максімум ападкаў за тры летнія месяцы адзначаны ў ліпені на станцыі Езярышча-113 мм, што складае 127% нормы ападкаў за ліпень па гэтым пункце назірання.

Спецыялізаваныя сайты