Герб РБ Карта Беларусi БЕЛГIДРAМЕТ
23.03.2018

Аграметэаралагічная

Аграметэаралагічныя назіранні дазваляюць устанавіць узаемасувязь надвор'я з вырошчваннем і развіццём сельскагаспадарчых культур, правядзеннем палявых сельскагаспадарчых работ і ўкараненнем тых ці іншых агратэхнічных прыёмаў.  Іх ажыццяўляюць у 45 пунктах, размешчаных такім чынам, што ахоплены асноўныя сельскагаспадарчыя раёны Беларусі. Менавіта таму спецыялісты цалкам валодаюць данымі па вырошчванні культур на ўсёй тэрыторыі краіны. 
Станцыі праводзяць аграметэаралагічныя назіранні за 4-6 асноўнымі культурамі (азімыя і яравыя збожжавыя, рапс, бульба, лён, травы і іншыя) з інструментальнымі азначэннямі вільготнасці глебы на 3-5 палях.
Праграма аграметэаралагічных назіранняў – гэта таксама назіранні за асноўнымі параметрамі культур: фаза развіцця, ацэнка стану, вышыня і гушчыня, структура ўраджаю, прырост масы (травы, бульбы, буракоў), пашкоджанні. У халодны перыяд адсочваюць тэмпературу глебы на глыбіні вузла кушчэння азімых культур, глыбіню прамярзання глебы. Для ацэнкі ўмоў перазімоўкі і жыццяздольнасці такіх культур на палях адбіраюць пробы раслін для іх вырошчвання. Вясной і восенню для высвятлення стану азімых пасеваў і ў перыяды анамальных умоў надвор'я праводзяць абследаванні сельскагаспадарчых культур па вызначаным маршруце, у асноўным, на тэрыторыі раёна знаходжання станцыі і захопліваюць тэрыторыю прылеглых  раёнаў. Аграметэаралагічныя станцыі праводзяць спецыяльныя назіранні (аграгідралагічныя ўласцівасці глебы), выпрабаванні новых прыбораў і метадаў назіранняў.
Аграметэаралагічную інфармацыю з камп’ютара назіральніка ў выглядзе штодзённых і дэкадных тэлеграм перадаюць па лініях сувязі ў філіялы Белгідрамета, а затым праз цэнтр сувязі і тэлекамунікацый -  на камп’ютар спецыяліста аграметэаролага Белгідрамета. 
Атрыманыя даныя выкарыстоўваюць для аператыўнага аграметэаралагічнага абслугоўвання. Вынікі аграметэаралагічных назіранняў складаюць аснову аналітычнай аграметэаралагічнай інфармацыі і аграметэаралагічных прагнозаў. Абагульнены матэрыял з усёй дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў выпускаюць у выглядзе аграметэаралагічных штогоднікаў. 
Далей, паводле  матэрыялаў аграметэаралагічных штогоднікаў, складаюць навукова-прыкладныя даведнікі па агракліматычных рэсурсах Рэспублікі Беларусь. Яны змяшчаюць звесткі пра агракліматычныя рэсурсы рэспублікі, найбольш неспрыяльныя з'явы надвор'я для сельскай гаспадаркі, умовы палявых работ, перазімоўку і рост сельскагаспадарчых культур, а таксама іх ацэнку адносна патрабаванняў сельскагаспадарчай вытворчасці. Змяненнне клімату і  павелічэнне колькасці анамальных агракліматычных з'яў, што назіраюцца ў апошнія дзесяцігоддзі,  прыводзяць да мэтазгоднасці вывучэння ўплыву гэтых змяненняў на сельскую гаспадарку для мінімізацыі страт ад умоў надвор'я, а для гэтага неабходна  правільна інтэрпрэтаваная аграметэаралагічная інфармацыя.
Матэрыялы аграметэаралагічных назіранняў выкарыстоўваюцца:
-пры ацэнцы агракліматычных рэсурсаў тэрыторыі рэспублікі ва ўмовах сучаснага змянення клімату;
-пры перспектыўным планаванні размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці;
-пры планаванні неабходных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы (бягучае планаванне, агратэхнічнае, меліярацыйнае і іншыя мерапрыемствы);
-пры распрацоўцы мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні спрыяльных і пераадоленні (паслабленні) неспрыяльных агракліматычных умоў;
-пры распрацоўцы метадаў аграметэаралагічных прагнозаў;
-пры правядзенні навуковых даследаванняў.

Спецыялізаваныя сайты

Iнфармацыйныя iнтэрнэт-парталы