Спецыялісты Філіяла «Брэстаблгідрамет» правялі чарговыя аграметэаралагічныя назіранні па вызначэнні масы караняплода цукровых буракоў. Работы выконваліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі методыкі правядзення аграметэаралагічных назіранняў СТА-СМЯ-22-2025.
Вызначэнне масы караняплодаў з'яўляецца адным з важных відаў аграметэаралагічных назіранняў. Атрыманыя дадзеныя дазваляюць ацаніць тэмпы росту раслін, прасачыць уплыў умоў надвор'я на фарміраванне ўраджаю і атрымаць аб'ектыўную інфармацыю аб стане пасеваў цукровых буракоў у перыяд вегетацыі.
Назіранні праводзяцца ў чатырох месцах наглядальнага ўчастка. На адлегласці 4-6 метраў ад месцаў, дзе вядуцца назіранні за фазамі развіцця і гушчынёй раслін, у чатырох паўторнасцях выкопваюць па пяці тыповых раслін. Усяго для вызначэння масы адбіраецца 20 карняплодаў, што забяспечвае аб'ектыўнасць атрымоўваных вынікаў.
Пасля выкопкі бацвінне зразаецца, а карняплоды змяшчаюцца ў поліэтыленавыя пакеты для дастаўкі да месца апрацоўкі. Перад узважваннем яны чысцяцца ад рэштак глебы, пасля чаго кожны карняплод узважваецца з дакладнасцю да 1 грама.
Па выніках назіранняў сярэдняя маса аднаго карняплода цукровых буракоў склала 405 г. Атрыманыя даныя сведчаць аб актыўным росце культуры і будуць выкарыстаны пры далейшым аналізе ўмоў фарміравання ўраджаю цукровых буракоў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Такія назіранні штогод даюць магчымасць адсочваць дынаміку развіцця сельскагаспадарчых культур, ацэньваць уплыў існуючых аграметэаралагічных умоў на ўраджайнасць і забяспечваць сельскагаспадарчыя арганізацыі дакладнай інфармацыяй аб стане пасеваў.


© Белгiдрaмет, 2016-2026