Рака Нёман працякае па тэрыторыі трох краін: Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Літвы (бел. Нёман, літ. Nemunas — Нямунас, рус. дарэф. Нѣманъ). Агульная даўжыня ракі складае 913 км. Нёман бярэ пачатак у Беларусі на поўдзень ад Мінскага ўзвышша і на працягу 436 кіламетраў цячэ па тэрыторыі Беларусі да яе мяжы з Літвой. Гэта ўзвышша, якое з'яўляецца часткай Беларускай грады, служыць водападзелам паміж басейнамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Выток Нёмана знаходзіцца на вышыні каля 180 метраў над узроўнем мора. Упадае рака ў Куршскі заліў Балтыйскага мора.
Пераважаючая шырыня ракі да ўпадзення р. Бярэзіна 35-40 м (найбольшая – да 100 м каля в. Дзелятычы), ніжэй да вусця р. Шчара сярэдняя шырыня павялічваецца да 90 м (найбольшая – каля 350 м паміж упадзеннем рэк Чарняўка і Дзеражанка). У ніжнім цячэнні шырыня ракі 120-150 м (у раёне Гродзенскіх узвышшаў яна памяншаецца да 80 м).
Працягласць ракі Нёман у межах Гродзенскай вобласці – 360 км. Практычна ўся тэрыторыя вобласці адносіцца да басейна Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебеды, Котры (справа), Ушы, Сервачы, Шчары, Ласосны (злева). На паўночным усходзе працякае рака Вілія (з Ашмянкой).
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці рэжым ракі Нёман вывучаецца на 3 гідралагічных пастах у раёне населеных пунктаў Гродна, Масты, Беліца Лідскага раёна. На гідралагічных пастах праводзяцца назіранні за ўзроўневым і тэрмічным рэжымамі, станам воднага аб'екта (наяўнасць лядовых з'яў, расліннасці), за сцёкам вады. Даныя назіранняў дазваляюць прагназаваць паводкі і ацэньваць стан воднага асяроддзя, маюць важнае значэнне для рацыянальнага водакарыстання, планавання мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяроддзя і забеспячэнні бяспекі насельніцтва ў выпадку надзвычайных сітуацый, звязаных з воднымі рэсурсамі.
За 82-гадовы перыяд назіранняў на ГП-1 Гродна на рацэ Нёман зафіксаваны гідралагічныя экстрэмумы:
- самы высокі ўзровень вады адзначаўся 23 красавіка 1958 года і склаў 893 см. Тады ў Гродне былі падтоплены асобныя прамысловыя прадпрыемствы: піваварны завод, тонкасуконны камбінат, прыстань, гарадская помпавая станцыя, жылыя дамы;
- самы нізкі ўзровень вады назіраўся 1 верасня 2015 года – 11 см.