4 лістапада 2026 года слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў геаграфіі, арганізаваных на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі», прыехалі ў Філіял «Брэстаблгідрамет».
Для педагогаў, якія штодня тлумачаць школьнікам законы прыроды, было цікава даведацца пра сучасныя метады працы гідраметэаралагічнай службы.
Начальнік Філіяла «Брэстаблгідрамет» Кулічык Андрэй Анатольевіч выступіў з прывітальным дакладам аб працы філіяла. Ён пазнаёміў прысутных са спецыфікай дзейнасці філіяла і расказаў пра каманду адданых справе спецыялістаў, якія штодзень праводзяць важныя назіранні. Кіраўнік наглядна растлумачыў, які шлях праходзяць сабраныя метэададзеныя і чаму яны такія важныя для рэгіёну. Гэтыя звесткі кругласутачна перадаюцца дзяржаўным службам, аграрыям, МНС і транспартным кампаніям для гарантавання бяспекі і планавання работы.
Група гідралогіі пазнаёміла настаўнікаў са структурай гідралагічнай сеткі і растлумачыла, як збіраюцца даныя для прагнозаў. Таксама спецыялісты расказалі, як з дапамогай спецыяльных прыбораў вымяраецца хуткасць цячэння і разлічваецца аб'ём вады, які праходзіць праз рэчышча за адну секунду, на гідралагічным пасту «Брэст» на рацэ Мухавец.

Метэаролагі азнаёмілі гасцей з метэапляцоўкай, расказалі аб прынцыпах работы кожнага прыбора і аб тым, як сабраныя даныя паступаюць у агульную сістэму метэаназіранняў. Правялі па "сцежцы надвор'я".

Выкладчыкі змаглі ўбачыць, як тэарэтычныя веды пра клімат, атмасферныя працэсы і водныя рэсурсы прымяняюцца на практыцы. Атрыманыя веды змогуць стаць карысным дапаўненнем да вучэбнай праграмы і дапамагчы ў прафесійнай арыентацыі школьнікаў.
