Пытанні аховы і выкарыстання трансгранічных вод Беларусі і Украіны абмеркавалі на сустрэчы ў Пінску
У Пінску адбылася сустрэча ўпаўнаважаных урадаў Беларусі і Украіны па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы выкарыстання і аховы трансгранічных вод.
З 2009 года, як на тэрыторыі Беларусі, так і Украіны, праходзяць штогадовыя сустрэчы і пасяджэнні, на якіх вырашаюцца бягучыя пытанні, звязаныя з трансгранічнымі вадацёкамі, падводзяцца вынікі года, ставяцца задачы на новы. У рамках пагаднення працуюць чатыры групы-па кантролі якасці вод, па эксплуатацыі Днепра-Бугскай сістэмы, па эксплуатацыі меліярацыйнай сістэмы і па метэаралогіі.
Як адзначыла на пасяджэнні ў Пінску Алена Багадзяж, начальнік службы экалагічнай інфармацыі ДУ «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя», ужо надышоў той ключавы момант, калі вобласць супрацоўніцтва неабходна пашыраць. Раней паміж краінамі дзейнічаў тэхнічны пратакол, які распаўсюджваўся толькі на павярхоўныя воды і ахопліваў толькі іх гідрахімічныя паказчыкі і радыёнукліды. Але за гэты год была праведзена вельмі вялікая праца.
Па словах Вольгі Лысюк, дырэктара Дэпартамента воднага менеджменту Дзяржаўнага агенцтва водных рэсурсаў Украіны, цяпер істотна будзе пашырана сфера паўнамоцтваў у маніторынгу якасці вод, у тым ліку і падземных, іх гідрабіялагічных і гідрамарфалагічных паказчыкаў.
У цэлым стан трансгранічных вод паміж Беларуссю і Украінай удзельнікі рабочых груп сёння ацэньваюць як нядрэнны. Звязана гэта ў тым ліку і з тым, што на тэрыторыях абедзвюх краін няма значных прамысловых аб'ектаў, у асноўным на іх займаюцца сельскай гаспадаркай.
Упаўнаважаныя падпісалі новы пратакол і запланавалі сустрэчы на 2020 год, якія пройдуць ва Украіне. Падводзячы вынікі Андрэй Хмель, намеснік Мністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, адзначыў, што вынікам сумеснай працы з'яўляецца канстатацыя добрай, непагаршаюшайся якасці водных рэсурсаў. Таксама важна, што іх дастаткова для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці на тэрыторыях абедзвюх краін.