У рамках серыі аглядаў аб'ектаў Мінпрыроды адбыўся важны візіт на метэаралагічную станцыю Мінск — другі этап дэталёвага вывучэння працы Белгідрамета. Станцыю наведаў Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Максім Лысенка.


Метэаралагічная станцыя Мінск функцыянуе ў кругласутачным рэжыме: зладжаная работа калектыву з 8 спецыялістаў забяспечвае правядзенне ўсіх відаў неабходных назіранняў.
У ходзе візіту кіраўнік ведамства дэталёва азнаёміўся з арганізацыяй работы станцыі: вывучыў матэрыяльную базу і інфраструктуру аб'екта, разгледзеў аператыўныя тэлеграмы і дадзеныя назіранняў, прааналізаваў стан і эфектыўнасць працы абсталявання.


Асаблівая ўвага ў ходзе агляду была ўдзелена ролі збіранай інфармацыі ў прагназаванні небяспечных і неспрыяльных гідраметэаралагічных з'яў. Ключавым элементам дакладных прагнозаў і своечасовых штармавых папярэджанняў з'яўляюцца дадзеныя аэралагічнага зандзіравання. Будучы членам Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА), Рэспубліка Беларусь няўхільна выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па правядзенні метэаралагічных назіранняў, уносячы ўклад у глабальную сістэму маніторынгу стану атмасферы.
Аэралагічныя зонды фіксуюць найважнейшыя параметры атмасферы - тэмпературу, вільготнасць, ціск і хуткасць ветру — на розных вышынях. Гэтыя дадзеныя маюць крытычнае значэнне для вырашэння шэрагу найважнейшых задач:
- вызначэння траекторыі і хуткасці перамяшчэння паветраных мас;
- ацэнкі энергіі няўстойлівасці атмасферы, якая служыць індыкатарам патэнцыйнай небяспекі развіцця экстрэмальных гідраметэаралагічных з'яў;
- прагназавання летніх канвектыўных з'яў - такіх як навальніцы, ліўні, град і шквалы. Нягледзячы на лакальны характар, гэтыя з'явы нярэдка прыводзяць да значнага ўрону, таму іх своечасовае выяўленне — адна з прыярытэтных задач гідраметэаралагічнай службы.
Яркім момантам візіту стаў асабісты ўдзел Міністра ў працоўным працэсе: Максім Уладзіміравіч уласнаручна запусціў радыёзонд. Гэты сімвалічны, але ў той жа час прафесійна значны крок наглядна прадэманстраваў цесную сувязь кіраўніцтва ведамства з практычным бокам працы метэаролагаў і падкрэсліў важнасць назіранняў у агульнай сістэме прагназавання.

Па выніках агляду будзе праведзена прапрацоўка комплексу мер па далейшым удасканаленні метадаў прагназавання небяспечных гідраметэаралагічных з'яў. Міністр асабліва адзначыў, што дзеючыя падыходы патрабуюць адаптацыі да сучасных кліматычных умоў і растучых патрабаванняў да аператыўнасці і дакладнасці прагнозаў.
"Трэба павышаць дакладнасць прагнозаў, пашыраць магчымасці і паляпшаць метады своечасовага вызначэння небяспечных гідраметэаралагічных з'яў», — падкрэсліў Максім Лысенка, пазначыўшы ключавыя напрамкі далейшай працы.
Візіт Міністра стаў не толькі ацэнкай бягучага стану работы метэаралагічнай станцыі, але і важным імпульсам для развіцця ўсёй сістэмы гідраметэаралагічнага забеспячэння краіны. Белгідрамет працягне сістэмную работу па павышэнні якасці прагнозаў і ўмацаванні абароны насельніцтва і эканомікі ад небяспечных гідраметэаралагічных з'яў.
© Белгiдрaмет, 2016-2026