Паводле заявы Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) аб стане глабальнага клімату (СМА №-1264) 2020 з'яўляецца адным з трох самых цёплых гадоў у свеце за ўсю гісторыю назіранняў. Сярэднегадавая тэмпература павысілася прыкладна на 1,2°C у параўнанні з даіндустрыяльным пэрыядам (1850-1900 гады). Сярэднія значэнні за апошнія 5-гадовыя (2016-2020 гады) і 10-гадовыя (2011-2020 гады) перыяды таксама былі самымі высокімі за ўсю гісторыю назіранняў.
Гісторыя інструментальных метэаралагічных назіранняў на тэрыторыі Беларусі пачынаецца з 1881 года. На працягу больш чым ста гадоў адзначаліся натуральныя ваганні кліматычных параметраў, а з канца 1980-х гадоў пачалі інтэнсіўна праяўляцца сучасныя працэсы змены клімату, узнікненне якіх у значнай ступені абумоўлена антрапагенных фактарамі. 2020 год быў анамальна цёплым на тэрыторыі нашай краіны. Сярэднегадавая тэмпература паветра склала + 9,1°С, што на 2,4°С вышэй за норму. Гэты год заняў першае месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў (ад найбольш цёплага года да найбольш халоднага) з 1881 года. Да гэтага самым цёплым быў папярэдні 2019 год з сярэдняй тэмпературай паветра + 8,8°С.
Рост тэмпературы паветра толькі часткова сведчыць аб тым, што адбываецца. Апошні год і дзесяцігоддзе ў свеце таксама ахарактарызаваліся адступленнем льдоў, рэкордна высокім узроўнем мора, ростам узроўню закіслення акіяна і экстрэмальнымі з'явамі надвор'я.
Негатыўныя наступствы антрапагеннага ўздзеяння на кліматычную сістэму сталі відавочныя ўжо з другой паловы 20-га стагоддзя. 9 мая 1992 года была прынятая Рамачная канвенцыя ААН аб змяненні клімату (РКЗК ААН), закліканая аб'яднаць намаганні па прадухіленню небяспечных змяненняў клімату і дамагчыся стабілізацыі канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы на адносна бяспечным узроўні.
Наступным этапам стала падпісанне ў 1997 годзе Кіёцкага пратакола, які абавязвае развітыя краіны стабілізаваць узровень канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы на ўзроўні, які не дапускае небяспечнага антрапагеннага ўздзеяння на кліматычную сістэму планеты.
Парыжскае пагадненне, падпісанае ў 2016 годзе 175 краінамі, было падрыхтавана замест Кіёцкага пратаколу. Мэтай пагаднення з'яўляецца «актывізаваць ажыццяўленне» Рамачнай канвенцыі ААН па змяненню клімату, у прыватнасці, утрымаць рост глабальнай сярэдняй тэмпературы «нашмат ніжэй» 2°C і «прыкласці намаганні» для абмежавання росту тэмпературы велічынёй 1,5°C.
У снежні 2020 года Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, Злучаным Каралеўствам і Францыяй, пры падтрымцы Італіі і Чылі, быў праведзены віртуальны саміт па клімаце. Больш за 70 кіраўнікоў дзяржаў, а таксама рэгіянальныя кіраўнікі, мэры гарадоў і кіраўнікі найбуйнейшых кампаній прадставілі меры, якія яны маюць намер прыняць, каб скараціць эмісіі парніковых газаў і не дапусціць бескантрольнага награвання планеты. Саміт стаў адпраўным пунктам падрыхтоўкі да Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па змяненні клімату - КС-26. Яна павінна была адбыцца ў снежні 2020 года ў Глазга, але з-за пандэміі COVID-19 сустрэчу прыйшлося перанесці на 2021 год.
З ліпеня 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца праект «ЕС для клімату», накіраваны на аказанне падтрымкі ўрадам шасці ўсходніх краін-партнёраў ЕС-Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны ў барацьбе са змяненнем клімату, а таксама ў рэалізацыі Парыжскага пагаднення і ўдасканалення кліматычнай палітыкі і заканадаўства.
Па заяве генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, 2021 год - ключавы год для вырашэння праблемы змянення клімату. «Навукоўцы заяўляюць, што для прадухілення найгоршых наступстваў змены клімату мы павінны абмежаваць павышэнне глабальнай тэмпературы ў межах 1,5°C ад даіндустрыяльнага базавага ўзроўню. Гэта азначае скарачэнне глабальных выкідаў парніковых газаў на 45 працэнтаў у параўнанні з узроўнем 2010 года да 2030 года і дасягненне нулявых чыстых выкідаў да 2050 года», – сказаў ён.
У Беларусі вывучэннем кліматычных умоў РБ і асноўных тэндэнцый і асаблівасцяў змяненняў клімату займаецца
аддзел вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду дадзеных Белгідрамета. Праводзяцца прэс-канферэнцыі, прысвечаныя кліматычнай тэматыцы, вядзецца актыўнае супрацоўніцтва са СМІ. Усю інфармацыю, што датычыцца пытанняў змянення клімату, Белгідрамет можа даць прадстаўнікам СМІ праз
пісьмовы запыт.