Па стане на 26 сакавіка ў вярхоўях Заходняй Дзвіны і Дняпра яшчэ захоўваецца крыгаход. На вадасховішчах Вілейскае, Чыгірынскае, Салігорскае, Заслаўскае, Чырвоная Слабада, азёрах Нарач, Дрывяты, Чырвонае і Лукомскае назіраецца ледастаў з закраінамі і разводдзямі, месцамі лёд адносіць ад берага, выходзіць на лёд нельга.
На Дняпры, Сожы, Прыпяці, большым працягу Бярэзіны і асобных участках Заходняй Дзвіны назіраецца рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю да 16 см за суткі. На Нёмане і Віліі адбываецца спад узроўняў вады.
Вада знаходзіцца на пойме на большасці рэк басейнаў Дняпра, Сожа і Прыпяці, а таксама на асобных участках рэк басейнаў Нёмана, Віліі і Бярэзіны.
Узровень вады блізкі да небяспечнай высокай адзнакі на прытоку Сожа рацэ Проня ля в.Ляцягі.
Паводле звестак МНС у Мсціслаўскім і Хоцімскім раёнах Магілёўскай вобласці, Гомельскім, Добрушскім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці назіраюцца затапленні жылых дамоў, падворкаў, гаспадарчых пабудоў, мастоў і ўчасткаў дарог.
У бліжэйшыя дні на рэках басейнаў Заходняй Дзвіны, Дняпра, Сожа, Бярэзіны і Прыпяці будзе пераважаць рост узроўняў вады.

Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова
© Белгiдрaмет, 2016-2026