У Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці, у рэспубліканскім біялагічным заказніку «Спораўскі» (вёска Высокае) 8 жніўня 2026 года пройдзе экалагічны фестываль «Спораўскія сенажаці».
Фестываль арганізуюць 19-ы раз. Асноўная ідэя мерапрыемства – прыцягненне ўвагі да праблемы зарастання балот і захавання іх біяразнастайнасці, а таксама падтрыманне традыцый ручнога сенакашэння.
У праграме фестывалю спаборніцтвы па ручным сенакашэнні: каманды з двух чалавек (мужчынскія, жаночыя, змешаныя), футбол на балоце, майстар-класы па сплаве на байдарках, студыя настольных спартыўных гульняў, дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі, магчымасць пакатацца на мотадэльтапланах і квадрацыклах. Можна будзе наведаць станцыю кальцавання птушак «Ясельда» і паглядзець выступленні творчых калектываў Бярозаўшчыны.
Фестываль не толькі захоўвае спрадвечна беларускія традыцыі, звязаныя з ручным кашэннем травы, але і павышае экалагічную дасведчанасць насельніцтва.
«Спораўскія сенажаці» – гэта экалагічнае і культурнае свята, якое спалучае традыцыйныя спаборніцтвы па ручным сенакашэнні, актыўны адпачынак, народныя промыслы і важныя прыродаахоўныя ініцыятывы, прыцягваючы гасцей з розных рэгіёнаў і краін.



© Белгiдрaмет, 2016-2026