Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за верасень 2025 года склала +15°С, што вышэй за кліматычную норму на 2,3°С. Верасень бягучага года заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. Самым цёплым верасень быў у 2024 годзе з сярэднямесячнай тэмпературай паветра па краіне +17,5℃, што на 4,8°С вышэй за кліматычную норму.
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра верасня за перыяд 1991-2025 гадоў ад кліматычнай нормы (+12,7°C
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны і знаходзілася ў асноўным у межах ад 2 да 2,6°С.
У абласным разрэзе найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Брэсцкай вобласці (у сярэднім па вобласці 2,6°С), у Магілёўскай вобласці адхіленні былі найменшымі (2,0°С).
Адхіленне (°С) сярэдняй тэмпературы паветра верасня
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі
Сярэдняя тэмпература паветра першых двух дэкад была вышэй за норму. Так, сярэдняя тэмпература паветра за першую дэкаду верасня была на 4,1°С вышэй за кліматычную норму, у другой дэкадзе – на 2,9°С. Трэцяя дэкада была блізка да нормы з адмоўнай анамаліяй, роўнай 0,1°С.
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
па дэкадах верасня 2025 года па тэрыторыі Беларусі
Тэмпература паветра днём на працягу месяца ў асноўным складала +18 +28°С. У асобныя суткі, пераважна ў пачатку месяца, павышалася да +30°С і больш. Максімальнага значэння (+31,2°C) тэмпература паветра дасягнула днём 3 верасня на станцыі Драгічын. У апошнія дні месяца дзённыя тэмпературы панізіліся да +10 +16°С.
Тэмпература паветра ўначы большую частку месяца перавышала +10°С. У канцы месяца пры пахаладанні тэмпература паветра апусцілася да 0°С і ніжэй. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Клічаў 26 верасня і склала -5,2°С.
За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 27 мм ападкаў, што склала 51% кліматычнай нормы. Верасень бягучага года ўвайшоў у дзясятку самых засушлівых месяцаў, заняўшы 9 месца за пасляваенны перыяд. Самым засушлівым быў верасень 1949 года, калі ў сярэднім па краіне выпала 16 мм. Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала 30-90% нормы ападкаў. На станцыях Полацк, Лепель і Бярэзінскі запаведнік быў абноўлены гістарычны месячны мінімум сумы ападкаў: на станцыі Полацк выпала 10,8 мм (папярэдні рэкорд – 12 мм у 1913 годзе), на станцыі Лепель выпала 6,3 мм (папярэдні рэкорд – 7,9 мм у 2023 годзе), на станцыі Бярэзінскі запаведнік выпала 15,1 мм (папярэдні рэкорд – 15,5 мм у 2000 годзе).
Адхіленне ( % ) месячнай сумы ападкаў за верасень
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі
Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Брэсцкай вобласці – у сярэднім па вобласці выпала 38 мм або 70% нормы. Менш за ўсё – на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – 19 мм або 37% нормы.
Колькасць ападкаў за верасень 2025 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Беларус
На працягу першай і трэцяй дэкад адзначаўся значны дэфіцыт ападкаў. У першай дэкадзе выпала 4 мм ападкаў або 18% дэкаднай нормы, у трэцяй дэкадзе – 6 мм або 39% нормы. У другой дэкадзе ў сярэднім па краіне выпала 17 мм або 100% нормы ападкаў.
Колькасць ападкаў і кліматычная норма
па дэкадах верасня 2025 года па тэрыторыі Беларусі
На працягу месяца назіраліся туманы. Дажджы выпадалі рэдка і насілі пераважна ліўневы характар, суправаджаліся навальніцамі, месцамі з выпадзеннем граду да 6 мм (станцыя Івацэвічы 17 верасня).
3 верасня ў раёне ГП Сахамбінат адзначаўся моцны лівень (выпала 39 мм ападкаў). 25 і 26 верасня станцыя Беразіно адзначыла рэдкую для гэтай пары галалёдную з'яву. У асобныя суткі месцамі па краіне адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру за месяц (18 м/с) зарэгістравана 11 і 14 верасня на станцыях Стоўбцы і Навагрудак.
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова
© Белгiдрaмет, 2016-2025