Версія для друку
Памер шрыфту
+
Друк

Кліматычная характарыстыка лістапада 2025 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за лістапад 2025 года склала +3,5°C, што вышэй за кліматычную норму на 1,9°C. Такі і больш цёплы лістапад у Беларусі бывае прыкладна адзін раз у 7 гадоў. Самым цёплым лістапад быў у 1996 годзе з сярэднямесячнай тэмпературай паветра па краіне +4,9°C, што на 3,3°C вышэй за кліматычную норму.


Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра лістапада за перыяд 1991-2025 гадоў ад кліматычнай нормы (+1,6°C)

Па ўсёй тэрыторыі краіны адзначалася станоўчая анамалія тэмпературы паветра, якая знаходзілася ў асноўным у межах ад 1 да 3°С. 
У абласным разрэзе найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях (у сярэднім па кожнай вобласці 2,7°С), у Гродзенскай вобласці адхіленні былі найменшымі (1,1°С). 

Адхіленне (°С) сярэдняй тэмпературы паветра лістапада 
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад месяца была вышэйшай за норму.  


Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма 
па дэкадах лістапада 2025 года па тэрыторыі Беларусі

 

Тэмпература паветра днём у першай палове месяца ў асноўным складала +6 +14°С. Далей тэмпературны фон некалькі панізіўся, і тэмпература паветра ў асноўным складала 0 +5°С, а ў асобныя дні трэцяй дэкады месцамі апускалася ніжэй нулявой адзнакі. Максімальнага значэння (+16,5°C) тэмпература паветра дасягнула днём 3 лістапада на станцыі Драгічын.

Начныя тэмпературы ў першай палове месяца былі пераважна станоўчымі ў інтэрвале 0 +6°С. У другой палове пераважалі адмоўныя тэмпературы, і ў самыя халодныя ночы тэмпература паніжалася да -5°С і ніжэй. Мінімальная тэмпература паветра за месяц адзначана на станцыі Лынтупы 16 лістапада і склала -8,8°С.
За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 51 мм ападкаў, што склала 112% кліматычнай нормы. Ападкі па тэрыторыі краіны распаўсюджваліся нераўнамерна. Адзначалася павелічэнне аб'ёму ападкаў з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад 75% да 150% кліматычнай нормы адпаведна.


 
 

Адхіленне ( % ) месячнай сумы ападкаў за лістапад
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

 

Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай абласцях – у сярэднім 59 мм для кожнай вобласці або 116 і 130% нормы адпаведна. Менш за ўсё – на тэрыторыі Брэсцкай вобласці – 39 мм або 92% нормы. 


 
 

Колькасць ападкаў за лістапад 2025 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Беларусі

На працягу месяца ападкі выпадалі нераўнамерна. Дэфіцыт увільгатнення назіраўся ў першай дэкадзе месяца, у сярэднім па краіне выпала 35% нормы ападкаў. У другой і трэцяй дэкадах адзначана залішняе ўвільгатненне (выпала 175% і 139% нормы адпаведна).

 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма 
па дэкадах лістапада 2025 года па тэрыторыі Беларусі

Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. На працягу месяца на непрацяглы час ўсталёўвалася снежнае покрыва. Максімальная вышыня снегу за месяц склала 16 см і назіралася 26 лістапада на станцыі Віцебск. На апошні дзень месяца снежнае покрыва практычна паўсюдна адсутнічала, за выключэннем асобных станцый, дзе яго вышыня склала ад 0,5 см да 5 см (Лынтупы). 
На працягу месяца назіраліся туманы, у асобных раёнах – галалёдныя з'явы. На станцыі Віцебск 26 лістапада зарэгістравана небяспечная з'ява наліпання мокрага снегу дыяметрам 36 мм. Месцамі адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру адзначана на станцыі Брагін 18 лістапада і склала 16 м/с.


Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова
 

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://belgidromet.by/by/climatolog-by/view/klimatychnaja-xaraktarystyka-listapada-2025-goda-11334-2025/

© Белгiдрaмет, 2016-2026