За летні сезон 2025 года сярэдняя па краіне тэмпература паветра склала +17,8°C, што на 0,2°C ніжэй за кліматычную норму. Такіх і больш нізкіх сярэдніх тэмператур летняга сезону не адзначалася з 2017 года.
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за летні сезон
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі за перыяд 1991-2025 гадоў
На большай частцы тэрыторыі краіны адзначалася адмоўная анамалія тэмпературы паветра, якая знаходзілася ў межах 0,1-0,5°С. На некаторых станцыях Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей была адзначана невялікая станоўчая анамалія.
Адхіленне (ºС) сярэдняй тэмпературы паветра летняга сезону
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі
У абласным разрэзе найбольшыя значэнні адмоўных анамалій тэмпературы паветра адзначаны ў Мінскай вобласці (0,4ºС), найменшыя – на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей (у сярэднім па кожнай вобласці 0,1ºС), у Гродзенскай вобласці тэмпературны фон адпавядаў норме.
За мінулае лета адзначана ад 17 да 46 гарачых дзён (з тэмпературай паветра +25°С і вышэй) пры норме 29-59 дзён і ад 1 да 10 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай паветра +30ºС і вышэй) пры норме 1-13 дзён.
Максімальнага значэння (+34,6°C) тэмпература паветра дасягнула 3 ліпеня на станцыі Брэст. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Клічаў 28 жніўня і склала +2,1ºС.
Тэмпературны рэжым летняга сезону быў неаднародным: сярэдняя тэмпература чэрвеня і жніўня была ніжэй за норму на 0,4°C і 0,9ºС адпаведна. Ліпень быў са станоўчай анамаліяй, роўнай 0,9ºС.
Сярэдняя тэмпература паветра па месяцах лета 2025 гадоў
і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень 2025 года склала +16,6ºС, што ніжэй за кліматычную норму на 0,4ºС. Тэмпературны рэжым чэрвеня быў неаднародным, надвор'е адрознівалася сваёй няўстойлівасцю і кантраснымі тэмпературамі. Максімальнага значэння (+31,7°C) тэмпература паветра дасягнула 6 чэрвеня на станцыях Лельчыцы і Брагін. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Маларыта 23 чэрвеня і склала +3,9 ºС.
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за ліпень 2025 года склала +19,8°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,9ºС. Такі і больш цёплы ліпень бывае прыкметна раз у 7 гадоў. Максімальнага значэння (+34,6°C) тэмпература паветра дасягнула 3 ліпеня на станцыі Брэст. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Палеская 6 ліпеня і склала + 6,9°С. У асобныя суткі месцамі па краіне былі зарэгістраваны трапічныя ночы (мінімальная тэмпература паветра за ноч складала +20°С і больш).
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за жнівень 2025 года склала +17,1°С, што ніжэй за кліматычную норму на 0,9ºС. Такіх і больш нізкіх сярэдніх месячных тэмператур у жніўні не адзначалася з 2009 года. Максімальнага значэння (+33,3°C) тэмпература паветра дасягнула днём 31 жніўня на станцыях Салігорск і Кастрычнік. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Клічаў 28 жніўня і склала + 2,1ºС.
За летні сезон 2025 года ў сярэднім па Беларусі выпала 259 мм ападкаў, што складае 115% кліматычнай нормы. Па большай частцы тэрыторыі выпала 100-130% сезоннай нормы ападкаў.
Адхіленне (%) сумы ападкаў за летні сезон
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі
У абласным разрэзе найбольшая за сезон колькасць ападкаў выпала ў Мінскай вобласці - 295 мм або 127% кліматычнай нормы. Найменшая колькасць ападкаў выпала ў Брэсцкай вобласці - 219 мм або 100% кліматычнай нормы.
Колькасць ападкаў за лета 2025 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі
На працягу сезона ападкі выпадалі вельмі нераўнамерна. У чэрвені і ліпені назіраўся лішак ападкаў: выпала 129% і 144% кліматычнай нормы адпаведна. У жніўні назіраўся недабор ападкаў (выпала 58% нормы).
Колькасць ападкаў па месяцах лета 2025 года
і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі
За сезон было адзначана ад 27 да 43 дажджлівых дзён (з сумай ападкаў за суткі 1 мм і больш) пры норме 24-32 дзён.
Колькасць дзён з ападкамі 1 мм і больш па месяцах і за
летні сезон 2025 года і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі
Чэрвень быў досыць вільготным. Дажджы выпадалі часта. У сярэднім па рэспубліцы выпала 93 мм ападкаў, што склала 129% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала 100-180% нормы ападкаў.
У ліпені ў сярэднім па рэспубліцы выпала 129 мм ападкаў, што склала 144% кліматычнай нормы. Лішак ападкаў адзначаўся на большай частцы тэрыторыі краіны.
У жніўні ў сярэднім па рэспубліцы выпала 37 мм ападкаў, што склала 58% кліматычнай нормы. Па ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем асобных пунктаў назірання Віцебскай і Гомельскай абласцей, адзначаўся недабор ападкаў.
На працягу сезона назіраліся туманы, навальніцы, адзначалася выпадзенне граду, месцамі дасягнула крытэра небяспечнай гідраметэаралагічнай з'явы (20 мм і больш). На станцыі Мар'іна Горка 5 чэрвеня быў адзначаны град дыяметрам 20 мм. Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, месцамі дасягалі крытэра небяспечнай з'явы: вельмі моцны дождж да 94 мм (ГП Малевіцкая Рудня) і вельмі моцны лівень да 39,5 мм (станцыя Беразіно). Адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш, у тым ліку шквалістае, якое месцамі дасягнула крытэра небяспечнай гідраметэаралагічнай з'явы (25 м/с і больш). Максімальная хуткасць ветру за летні сезон зарэгістравана на станцыі Магілёў 10 ліпеня (26 м/с), таксама на ГП Остэр-Хадунь 11 ліпеня назіраўся вельмі моцны вецер – 10 балаў па шкале Бофорта (25-28 м/с).
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова
© Белгiдрaмет, 2016-2025