Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
18.11.2022

У гэтыя выхадныя захаваецца зімовы характар надвор'я

Надвор'е ў Беларусі працягвае набываць зімовыя рысы: па рэспубліцы пахаладала і да раніцы пятніцы на большай частцы тэрыторыі краіны сфармавалася снежнае покрыва вышынёй да 5 см.

У бліжэйшыя выхадныя зімовы характар надвор'я захаваецца. У суботу 19 лістапада цыклон, які будзе перамяшчацца праз Украіну на Белгарадскую вобласць Расіі, прынясе на большую частку тэрыторыі нашай краіны снег, раніцай і днём па ўсходняй палове чакаецца моцны снег, таму тут снежнае покрыва значна павялічыцца. Пры парывістым ветры ў асобных раёнах будзе ўтварацца слабая мяцеліца, месцамі чакаецца галалёдзіца, таму сітуацыя на дарогах можа быць не простая.

У нядзелю 20 лістапада ў начныя гадзіны снег працягне ісці на паўночным усходзе рэспублікі, а днём чакаецца месцамі па краіне. У асобных раёнах прагназуецца слабы туман, шэрань, на дарогах галалёдзіца.
Тэмпература паветра ў выхадныя будзе знаходзіцца ніжэй нулявой адзнакі і ў начныя гадзіны, і днём. У суботу, 19 лістапада ноччу па рэспубліцы будзе -3 -9, а ў дзённыя гадзіны ад -1 да -6. У нядзелю 20 лістапада начныя мінімумы апынуцца ў межах -6 -13, пры ўмове праясненняў не выключана паніжэнне тэмпературы паветра да -15; днём пры гэтым будзе ад -1 да -6.

У пачатку наступнага тыдня сітуацыя пачне мяняцца: маразы будуць слабець, і калі ў ноч на панядзелак тэмпература паветра будзе знаходзіцца ў межах -2 -9, пры праясненнях да -11, то ўжо дзённыя максімумы складуць ад -4 да +2, а гэта значыць, што па поўдні краіны ападкі будуць ісці ў змяшанай фазе (мокры снег з дажджом) і не выключаны слабыя галалёды.

Паводле папярэдніх прагнозаў, у аўторак 22 лістапада чарговы паўднёвы цыклон і яго атмасферныя франты папоўняць скарбонку ападкаў у нашай краіне. У многіх раёнах рэспублікі пройдуць ападкі ў асноўным у выглядзе снегу і мокрага снегу, па ўсходзе рэспублікі – з дажджом. Таму захаваецца пагроза галалёдных з'яў.

Сачыць за абнаўленнямі метэаралагічнай інфармацыі можна на сайтах Белгідрамета, у сацыяльных сетках і ў мабільным дадатку «Надвор'е ў кішэні».

Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў