Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.05.2021

Інфармацыя аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў красавіку 2021 года

 
У красавіку сярэдняя па краіне тэмпература паветра склала +6,5°С, што на 0,8°С ніжэй за кліматычную норму. Такі і больш халодны красавік адзначаецца ў сярэднім па тэрыторыі краіны раз у 2-3 гады, а апошні раз –  у 2017 годзе. На працягу месяца тэмпературны рэжым быў неаднародным. У першай і трэцяй дэкадах сярэдняя тэмпература паветра была на 0,6 і 3,9°С ніжэй за кліматычную норму адпаведна, у другой дэкадзе – на 2,1°С вышэй за норму.

За красавік у сярэднім па Беларусі выпала 35,7 мм ападкаў, што склала 92% кліматычнай нормы. Найбольшая сума ападкаў адзначана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – 40,2 мм або 101% нормы, найменшая - на тэрыторыі Гродзенскай вобласці – 29,4 мм або 75% нормы.

Да пачатку красавіка скончылася фарміраванне максімальных узроўняў вады вясновай паводкі на Нёмане, Віліі, Заходнім Бугу і Бярэзіне. У першай палове красавіка сфармаваліся максімумы на Заходняй Дзвіне, Сожы і Прыпяці, а да канца месяца на Дняпры на ўчастку Орша – Магілёў. Значэнні максімальных узроўняў вады на названых вышэй рэках апынуліся блізкімі да сярэдніх значэнняў за шматгадовы перыяд назіранняў і некалькі ніжэй іх.

У першай дэкадзе красавіка на большасці рэк назіраўся рост узроўняў вады, у выніку чаго на Прыпяці ў г.Петрыкаў і прытоку Сожа рацэ Проня ў в.Ляцягі ўзроўні вады на непрацяглы час перавышалі небяспечныя высокія адзнакі. У другой і трэцяй дэкадзе на рэках адбываўся ў асноўным спад узроўняў вады, у выніку чаго на Нёмане ў г.Гродна ўзровень вады апусціўся ніжэй за адзнаку, якая лімітуе суднаходства.

На працягу месяца на асобных участках рэк басейнаў Заходняга Буга, Дняпра, Бярэзіны, Сожа і Прыпяці вада знаходзілася на пойме. Воднасць Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны, Сожа, Заходняга Буга і Прыпяці была блізкая да звычайнай для гэтага часу года і некалькі менш яе, а воднасць Нёмана, Віліі і Сожа ў г.Гомель на 40-60% менш за норму.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў