Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.12.2020

Бяспечны новы год

На календары снежань, а значыць, наперадзе навагоднія святы, якія ўсе мы чакаем з асаблівым натхненнем. У гарадах з'яўляюцца прыбраныя елкі, вуліцы ўпрыгожаны рознакаляровымі агеньчыкамі, народ у пошуках падарункаў бегае па крамах. Мы стараемся ў апошнія дні адыходзячага года скончыць усе свае важныя справы і вырашыць незавершаныя пытанні. А далей мішура, салаты, ёлка, мандарыны і іншыя радасці жыцця. Але ёсць адна немалаважная акалічнасць, якая можа сапсаваць праграму навагодніх чаканняў. Пераднавагодні перыяд суправаджаецца рэзкім павелічэннем колькасці пажараў і траўмаў у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы да святаў, неасцярожнага абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі. Пытанні бяспекі зусім не саступаюць тым пераднавагоднім клопатам і турботам, бо гаворка ідзе пра жыццё і здароўе Вас і вашых блізкіх. Штогод з прычыны неасцярожнага абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі адбываюцца пажары, траўмы вачэй і рук, шматлікія апёкі атрымліваюць як дарослыя, так і дзеці. 
Год таму першыя пацярпелыя з'явіліся яшчэ да наступлення Новага 2020 года.

9 студзеня 2019 года ў Жлобіне двухгадовае дзіця пацярпела ад выбуху петарды. Каля пад'езда дома бацька разам з малым вырашыў запусціць петарду. Мужчына падпаліў яе і кінуў у снег. У нейкі момант сыночак падбег і схапіў піратэхніку. У выніку выбуху дзіця атрымала ірваную рану трэцяга пальца левай кісці, апёк I ступені. З траўмамі дзіця даставілі ў бальніцу. 
1 студзеня 2020 года ў выніку падпалу петарды ў двары свайго дома атрымаў траўму левага вока (кантузія вочнага яблыка) 11-гадовы хлопчык. Усе канікулы дзіця правяло на лячэнні ў бальніцы. 
У гэты ж дзень вучань 5-га класа атрымаў тэрмічны апёк унутранай паверхні правай кісці. Гуляючы з сябрамі на дзіцячай пляцоўцы ў двары, ён паслізнуўся і ўпаў на кінутую мінакамі петарду. Дзіцяці спатрэбілася дапамога медыкаў. 
5 лістапада 2020 у Гомелі 25-гадовая маці знаходзілася ў адным пакоі з аднагадовым дзіцем. Малы гуляў з цацкамі і ў нейкі момант знайшоў фрагмент ад навагодняй хлапушкі (запал). У выніку неасцярожнага абыходжання з ім атрымаў тэрмічныя апёкі цела.
Магчыма, гісторыі, прадстаўленыя ў якасці прыкладаў, паслужаць для кагосьці урокам і спыняць ад бяздумных і небяспечных дзеянняў.  

 
Напярэдадні калядных і навагодніх святаў з мэтай папярэджання пажараў і няшчасных выпадкаў у выніку выкарыстання піратэхнічных вырабаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нагадвае:
 
- купляйце піратэхнічныя вырабы ў спецыялізаваных крамах і патрабуйце ў прадаўцоў сертыфікат;
- абавязкова чытайце інструкцыю;
- звярніце ўвагу на цэласнасць завадской упакоўкі;
- пры запуску піратэхнікі сачыце за тым, каб людзі знаходзіліся на бяспечнай адлегласці.

У перыяд падрыхтоўкі да святаў: 

- усталёўвайце елку далей ад ацяпляльных прыбораў, эвакуацыйных выхадаў;
- выкарыстоўвайце ўстойлівыя падстаўкі, электрычныя гірлянды толькі заводскага вырабу.

У выпадку надзвычайнай сітуацыі тэлефануйце па тэлефонах 112 і 101.
 

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях віншуе ўсіх з надыходзячымі Калядамі і Новым годам, а таксама нагадвае: 
выконвайце правілы пажарнай бяспекі, будзьце асцярожныя пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў! 
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў