Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
02.12.2019

КАРОТКАЯ КЛІМАТЫЧНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА І ПРАГНОЗ НАДВОР'Я ПА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ НА СНЕЖАНЬ 2019 ГОДА

Снежань-першы месяц зімы. Аднак атмасферныя працэсы, асабліва ў першай палове месяца, яшчэ захоўваюць рысы пераходнага сезону. Таму ў снежні нярэдка назіраецца няўстойлівае надвор'е са значнымі ваганнямі тэмпературы паветра. Даволі часта першая пяцідзёнка і нават першая дэкада месяца бываюць вельмі цёплымі. На працягу снежня звычайна адзначаецца 13-20 дзён з адлігай. Пахаладанні найбольш верагодны ў другой палове снежня.
Сярэдняя за месяц тэмпература паветра ў снежні (кліматычная норма) складае ад -1,3°С на паўднёвым захадзе да -4,7°С на паўночным усходзе Беларусі і ў параўнанні з лістападаўскай тэмпературай паніжаецца на 4°С. У асобныя гады яна можа значна адрознівацца ад сярэдніх шматгадовых значэнняў. Так, цяплей, чым звычайна на 3-5°С быў снежань 1960, 1971, 1974, 1982, 2000, 2004, 2011, 2013, 2015, 2017 гадоў. Самым цёплым выдаўся снежань 2006 года з сярэдняй рэспубліканскай тэмпературай паветра +2,6°С, што на 5,9°С вышэй за кліматычную норму. Халоднае надвор'е (ніжэй за кліматычную норму на 3-6°С) адзначалася ў снежні 1959, 1963, 1969, 1995, 1996, 2001, 2002, 2010 гадоў. Вельмі халодным (на 6,7°С ніжэй за кліматычную норму) выдаўся снежань 1978 года, калі сярэднерэспубліканская тэмпература паветра склала -10°С.
Абсалютны мінімум снежня (-38,6°С) быў адзначаны на метэастанцыі Езярышча ў 1978 годзе, абсалютны максімум тэмпературы паветра ў снежні (+14,5°С) быў зарэгістраваны ў Брэсце ў 1961 годзе.
Працягласць сонечнага ззяння за месяц складае 24-33 гадзіны.
За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпадае 35-58 мм ападкаў (кліматычная норма). Мінімальная месячная колькасць ападкаў складае 2-17 мм, максімальная-71-143 мм (2-3 месячныя нормы). 
Тэрміны ўтварэння ўстойлівага снежнага покрыва ў залежнасці ад характару надвор'я моцна вагаюцца ад года да года. Снежнае покрыва на большай частцы Беларусі звычайна ўсталёўваецца ў першай-другі дэкадах снежня, у крайніх паўднёвых раёнах – у трэцяй дэкадзе. Яго вышыня да канца месяца дасягае ў сярэднім 4-10 см. Калі ў снежні пераважае цёплае надвор'е, то снег выпадае толькі ў студзені.
У снежні звычайна бывае ад 3 да 15 дзён з туманамі і галалёдамі, ад 2 да 5 дзён з завеяй і ад 18 да 21 дня з ападкамі.
У снежні тэмпература паветра інтэнсіўна паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. У сярэднім па рэспубліцы тэмпература паветра першай дэкады складае -2,4°С, прычым яна вагаецца ад -3,9°С на паўночным усходзе да -0,4°С на паўднёвым захадзе краіны. У сярэднім па рэспубліцы за дэкаду выпадае 15 мм ападкаў (34% месячнай колькасці).
Другая дэкада халадней першай у сярэднім на 1°С і гэтак жа, як і ў першай дэкадзе, тэмпература паветра паніжаецца з паўднёвага захаду (-1,4°С) на паўночны ўсход (-4,8°С). За дэкаду ў сярэднім па рэспубліцы выпадае 15 мм ападкаў (33% месячнай колькасці).
Па шматгадовых дадзеных, самая халодная ў снежні – трэцяя дэкада. Сярэдняя па рэспубліцы тэмпература паветра складае -4°С, што на 0,6°С ніжэй тэмпературы другой дэкады. Халадней за ўсё на паўночна-ўсходзе (-5,3°С), цяплей за ўсё – на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці (-2,3°С). За дэкаду ў сярэднім па тэрыторыі Рэспублікі выпадае 15 мм ападкаў (33% месячнай колькасці).
У 26% гадоў самай халоднай бывае першая дэкада, у 33% гадоў – другая дэкада, у 41% гадоў – трэцяя дэкада.
Пачынаецца снежань 2019 года марозным надвор'ем і з ападкамі ў выглядзе снегу, аднак ужо ў сярэдзіне першай дэкады атмасферныя франты і больш цёплыя паветраныя масы атлантычнага паходжання прынясуць у Беларусь пацяпленне. Выпадаючыя ападкі будуць адзначацца ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, прагназуюцца туман і галалёдныя з'явы. Тэмпературны фон будзе слабадмоўным у начныя гадзіны і слабастаноўчым днём. У другой палове месяца прагназуецца няўстойлівы характар надвор'я. Перыяды пахаладання будуць змяняцца адлігамі, выпадаючыя ападкі будуць у змешанай фазе.
У цэлым снежань прагназуецца некалькі цяплей звычайнага (сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца на 1°С вышэй за кліматычную норму (норма -1 -5°С)).
Месячная колькасць ападкаў мяркуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма 35-58 мм).
 
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў