Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
01.06.2020

Кароткая кліматычная характарыстыка і прагноз надвор’я па тэрыторыі Беларусі на чэрвень 2020 года

У чэрвені працягваецца павышэнне тэмпературы паветра ад першай дэкады да трэцяй. Звычайна ў першай дэкадзе чэрвеня па паўночнай палове краіны сярэднесутачная тэмпература паветра пераходзіць праз +15°С (пачатак актыўнай вегетацыі) у бок павышэння. Па паўднёвай палове гэты пераход ажыццяўляецца яшчэ ў апошняй дэкадзе мая.
Самая цёплая - трэцяя дэкада. Але даволі часта, прыкладна адзін раз у 7 гадоў, тэмпература трэцяй дэкады бывае самай нізкай. Напрыклад, у 1998 годзе яна была больш чым на 5°С ніжэй тэмпературы першай дэкады.
У чэрвені сярэдняя месячная тэмпература ў асноўным на 3ºС вышэй, чым у маі і складае ў сярэднім па Беларусі +16,4ºС. Халадней за ўсё на паўночным захадзе краіны (+15,1ºС), цяплей за ўсё - на паўднёвым усходзе (+17,9ºС). Самым цёплым быў чэрвень 2019 года з сярэдняй тэмпературай па Беларусі +21ºС. Халадней за ўсё было ў чэрвені 1962 і 1976, калі сярэдняя па рэспубліцы тэмпература склала 13,8ºС.
Пераважная дзённая тэмпература паветра ў чэрвені бывае ад +20ºС да +23ºС, у гарачыя дні яна можа дасягаць +30ºС і вышэй. Тэмпература паветра ноччу ў сярэднім складае ад +9ºС да +12ºС, часам можа паніжацца да адмоўных значэнняў.
Замаразкі ў чэрвені дастаткова рэдкая з'ява. У паветры (на вышыні 2 м) яны могуць адзначацца толькі ў першай і другой дэкадзе прыкладна адзін раз у 20 гадоў і радзей. У прыземным слое (на вышыні 2 см) замаразкі назіраюцца часцей (у першай дэкадзе ў сярэднім адзін раз у 10 гадоў). На асушаных тарфяніках яны магчымы кожны другі год на працягу ўсяго месяца.
У сярэднім у чэрвені бывае 12-15 дзён з дажджом і выпадае ў сярэднім па краіне 81 мм ападкаў (кліматычная норма). У самым дажджлівым чэрвені ападкі могуць у 2-3 разы перавышаць кліматычную норму і складаць ад 156 мм да 306 мм. У асобныя гады пры перавазе антыцыкланальнага характару надвор'я месячная сума ападкаў можа змяншацца да 1-20 мм. Пры вельмі моцных ліўнях у Беларусі выпадала за суткі да 126 мм ападкаў (Навагрудак), што значна перавышае месячную норму.
У сярэднім у чэрвені адзначаецца 5-9 дзен з навальніцамі, 1-3 дні з туманамі. Град у чэрвені бывае не штогод - адзін раз у 2-3 года, аднак у асобныя гады колькасць дзён з градам можа дасягаць 1-4.

У чэрвені 2020 года сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца каля кліматычнай нормы, месцамі на 1ºС ніжэй за норму (кліматычная норма +15 +18°С). Інакш кажучы чэрвень прагназуецца не гарачым.
Месячная колькасць ападкаў мяркуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, месцамі больш чым звычайна (кліматычная норма 63-95 мм).

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў