Нацыянальны Герб Рэспублiкi Беларусь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
02.08.2019

ІНФАРМАЦЫЯ аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў ліпені 2019 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра ліпеня 2019 года склала +17,1°С, што ніжэй за кліматычную норму на 1,3°С. На працягу ўсяго месяца, за выключэннем самых цёплых сутак, калі ў дзённы час тэмпература паветра дасягала +28..+32°С, тэмпература паветра павышалася да +18..+25°С. Гарачае надвор'е стаяла 1 ліпеня, калі на многіх метэастанцыях у дзённыя гадзіны тэмпература паветра перавысіла +35ºС, дасягнуўшы крытэрыю небяспечнай з'явы. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра за месяц адзначана 1 ліпеня на метэастанцыі Брагін (+36,4°С), абнавіўшы абсалютны максімум тэмпературы ліпеня для дадзенай станцыі. 
За месяц у сярэднім па краіне выпала 91 мм ападкаў, што склала 107% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. Найбольш увільгатненнай апынулася Віцебская вобласць, дзе выпала 155% кліматычнай нормы ападкаў за месяц. Найменшая колькасць ападкаў выпала ў Гродзенскай вобласці - 71% кліматычнай нормы. 
Дажджы ішлі на працягу ўсяго месяца, суправаджаліся навальніцамі і месцамі выпадзеннем граду, часам дасягаючы крытэрыяў небяспечнай з'явы. Найбольшая сума ападкаў за суткі адзначана на станцыі Езярышча – 113 мм, што складае 127% нормы ападкаў за месяц па дадзеным пункце назірання. 
У ліпені на рэках басейнаў Заходняга Буга, Нёмана, Віліі і Бярэзіны адзначаліся невялікія ваганні ўзроўняў вады, на рэках басейна Прыпяці назіраўся ў асноўным іх спад, а на рэках басейнаў Заходняй Дзвіны, Дняпра і Сожа пераважаў рост узроўняў вады. 
У трэцяй дэкадзе месяца на Заходняй Дзвіне ў г.Віцебск палепшыліся ўмовы для працы рачнога транспарту, тут узровень вады перавысіў адзнаку, якая лімітуе суднаходства. 
Неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту захоўваюцца на Нёмане ў г.Гродна, Дняпры ў г.Магілёў, г.Жлобін, г.Рэчыца і г.Лоеў, Бярэзіне ў г.Бабруйск і г.Светлагорск, Сожы ў г.Крычаў, г.Слаўгарад і г.Гомель.
Мінімальныя значэнні ўзроўняў вады наблізіліся да шматгадовых мінімальных узроўняў вады за ліпень на прытоку Заходняй Дзвіны рацэ Дзісна, Нёмане ў в.Беліца і г.Гродна, яго прытоку рацэ Шчара, прытоках Заходняга Буга рэках Мухавец, Лясная і Нараў, Сожы ў г.Гомель, прытоках Прыпяці рэках Ясельда, Цна, Лань і Убарць. Мінімальны ўзровень вады дасягнуў гістарычнага мінімуму для гэтага месяца на Віліі ў в.Міхалішкі, а на прытоку Прыпяці рацэ Ясельда ў г.Бяроза ўзровень апусціўся ніжэй шматгадовага мінімальнага ўзроўню вады за ліпень.
Да канца месяца воднасць большасці рэк апынулася на 30-50 % менш за норму, і толькі воднасць Прыпяці была блізкая да звычайнай для гэтага часу года.
Сярэднямесячная тэмпература вады ў рэках і вадаёмах склала +17..+ 21°, што блізка да нормы.
 

Спецыялізаваныя сайты