Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
17.08.2018

Гідраметэаралагічная і аграметэаралагічная інфармацыя па стане на 17 жніўня 2018 года

У бліжэйшыя выхадныя дні ўмовы надвор'я ў Беларусі будуць вызначацца ўплывам цёплых вільготных няўстойлівых паветраных мас, якія паступаюць з Украіны. Чакаецца няўстойлівае надвор'е з кароткачасовымі навальнічнымі дажджамі, аднак дажджы будуць размяркоўвацца нераўнамерна па тэрыторыі краіны і рознай інтэнсіўнасці. Тэмпературны фон захаваецца павышаны. У пачатку тыдня (панядзелак-аўторак, 20-21 жніўня) характар надвор'я істотна не зменіцца. Да канца працоўнага тыдня з ростам атмасфернага ціску ападкі спыняцца, тэмпературны фон будзе істотна адрознівацца паміж паўночнымі і паўднёвымі раёнамі краіны.
У пачатку трэцяй дэкады жніўня на большасці рэк краіны будзе адзначацца спад узроўняў вады.
Па стане на 17 жніўня па даных дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў на рэках рэспублікі назіраецца роўны ход узроўняў вады і невялікі іх спад з інтэнсіўнасцю 1-12 см за суткі.
Неспрыяльныя ўмовы для работы рачнога транспарту назіраюцца на Заходняй Дзвіне у г.Віцебск, Нёмане ў г.Гродна, Дняпры ў г.Магілёў, у г.Жлобін і г.Рэчыца, Бярэзіне ў г.Бабруйск, Сожы каля г.Крычаў і г.Слаўгарад, тут узроўні вады знаходзяцца ніжэй адзнак, лімітуецца суднаходства. На Бярэзіне ў г.Светлагорск, Дняпры ў г.Лоеў і Сожы каля г.Гомель узроўні вады блізкія да адзнак, лімітуецца суднаходства.
Перавага павышанага тэмпературнага рэжыму ў спалучэнні з недаборам ападкаў прывяло да страты вільгаці, асабліва з верхніх слаёў глебы. На большай частцы тэрыторыі краіны верхні 10-сантыметровы пласт глебы знаходзіцца ў слабавільготным стане. У шэрагу раёнаў Гомельскай, Магілёўскай, на поўначы Брэсцкай і на захадзе Віцебскай вобласці верхні пласт глебы сухі. Гэта ўскладняе ўмовы для апрацоўкі глебы пад пасеў азімых культур і правядзенне сяўбы азімага рапсу. Дажджы, якія прайшлі ў сярэдзіне жніўня, папоўнілі ўтрыманне вільгаці ў глебе галоўным чынам у паўночна-заходняй палове рэспублікі. На завяршэнне ўборкі збожжавых каласавых культур кароткачасовыя дажджы істотна не паўплывалі, толькі ў Віцебскай вобласці маглі скарачаць час працы камбайнаў.
З-за зніжэння запасаў глебавай вільгаці ў многіх буракасейных раёнах адбылося памяншэнне прыросту караняплодаў. Пры гэтым умовы надвор'я спрыяюць павелічэнню цукрыстасці караняплодаў. У паўднёвай частцы і на захадзе рэспублікі з апярэджаннем леташніх тэрмінаў на паўтара-два тыдня пачалося паспяванне кукурузы – адзначана васковая спеласць. Наступілі аптымальныя тэрміны для пачатку ўборкі кукурузы, прызначанай на сілас.
У бліжэйшыя дні чаканыя кароткачасовыя дажджы папоўняць запасы вільгаці ў глебе, але не паўсюдна. На частцы плошчаў захаваецца недахоп вільгаці, што па-ранейшаму будзе ўскладняць умовы для правядзення сяўбы і з'яўлення ўсходаў азімага рапсу, фарміравання ўраджаю позніх сельскагаспадарчых культур.
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў