Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
03.09.2019

Кліматычная характарыстыка жніўня 2019 года

У жніўні 2019 года сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала 17,7°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,4ºС. Станоўчыя адхіленні тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы распаўсюдзіліся на большай частцы тэрыторыі краіны і найбольшых значэнняў дасягнулі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (1,2ºС). У Магілёўскай і Віцебскай абласцях адхіленні былі адмоўнымі (0,3 і 0,1ºС адпаведна). 
 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра жніўня 
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь
Тэмпературны рэжым жніўня быў нераўнамерным. Першая дэкада была халадней звычайнай на 2,5ºС. У цэлым па большай частцы краіны, за выключэннем заходніх абласцей, так холадна ў першай дэкадзе жніўня бывае прыкладна адзін раз у 8-10 гадоў, а на тэрыторыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей – адзін раз у 2-4 гады.
Другая дэкада была цяплей, чым звычайна на 0,7ºС. Трэцяя была самай цёплай (у сярэднім па краіне на 2,9ºС вышэй дэкаднай нормы). У Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях так цёпла ў гэты час бывае прыкладна раз у 12-18 гадоў, на астатняй тэрыторыі – раз у 5 гадоў.
 
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
па декадам ў жніўні 2019 года
У самыя цёплыя суткі жніўня па паўднёвай палове краіны днём тэмпература паветра павышалася да +30°С і вышэй. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (+33,3°С) зарэгістраваны 13 жніўня ў Брагіне. 
У самыя халодныя ночы жніўня тэмпература паветра паніжалася да +10ºС і ніжэй. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра (+2,9°С) зарэгістраваны 5 жніўня ў Брагіне.

Колькасць ападкаў за жнівень 2019 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі
У сярэднім па Беларусі ў жніўні выпала 77 мм ападкаў, што склала 115% кліматычнай нормы. Найбольшая за месяц колькасць ападкаў выпала ў Мінскай вобласці – 93 мм або 136% кліматычнай нормы. Менш за ўсё ападкаў выпала ў Гомельскай вобласці - 46 мм або 71% кліматычнай нормы. У цэлым за месяц на асобных метэастанцыях зарэгістравана 1,5-2 месячныя нормы ападкаў. 
 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма па дэкадах у жніўні 2019 года
На працягу месяца ападкі выпадалі вельмі нераўнамерна. 
У першай дэкадзе жніўня колькасць выпаўшых ападкаў была блізкай да кліматычнай нормы (106%). 
Самай вільготнай апынулася другая дэкада жніўня, калі выпала больш 2-х норм ападкаў (214%). У Пружанах і Івацэвічах колькасць ападкаў за другую дэкаду склала 5-6 дэкадных або каля 2 месячных нормы ападкаў, што назіраецца тут прыкладна раз у 15-20 гадоў. Дажджы насілі ў асноўным ліўневы характар, 12 і 13 жніўня ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях месцамі дасягалі крытэрыю небяспечнай з'явы. Максімальная сутачная колькасць ападкаў была зарэгістравана 13 жніўня на метэастанцыі Шчучын (76 мм). 
Самай сухой выдалася трэцяя дэкада месяца з колькасцю ападкаў 5,9 мм (27% кліматычнай нормы). 
Дажджы месцамі суправаджаліся навальніцамі і ўзмацненнем ветру (да 20 м/с у Верхнядзвінску 9 жніўня і ў Пружанах 20 жніўня). 
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў