Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
05.06.2020

Кліматычная характарыстыка вясны 2020 года

Сярэдняя тэмпература паветра за вясну 2020 года склала ў сярэднім па краіне +7,1°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,2°С. Гэта вясна заняла 23 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад найбольш цёплага да найбольш халоднага за перыяд 1945-2020 гадоў.

Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за вясну
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра гэтай вясной распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны. Максімальныя значэнні адхіленняў адзначаны ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях (у сярэднім па кожнай вобласці +0,3°С), мінімальныя – у Мінскай і Брэсцкай абласцях (у сярэднім па кожнай вобласці +0,1°С).
Тэмпература паветра ў сакавіку была на 3,4°С вышэй кліматычнай нормы, у красавіку і маі – ніжэй нормы (на 0,5 і 2,4°С адпаведна).

Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
за месяцы вясновага сезону 2020 года па Рэспубліцы Беларусь
Устойлівага пераходу сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 0°С у бок павышэння (пачатак вясны ў кліматалогіі) ў Беларусі сёлета не адзначалася, паколькі не наступала кліматычная зіма (не ажыццявіўся пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 0°С у бок паніжэння ў зімовыя месяцы).
Сакавік быў цёплым - сярэдняя тэмпература паветра за месяц склала +3,6°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,4°С. Так цёпла ў сакавіку на тэрыторыі краіны бывае прыкладна адзін раз у 10-15 гадоў. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася паўсюдна, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Магілёўскай вобласці (у сярэднім па вобласці 4,0°С), а найменшых – у Брэсцкай вобласці (у сярэднім па вобласці 2,8°С). Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра зарэгістравана 24 сакавіка на станцыі Бярэзінскі запаведнік (-10,9°С) - гэта самая нізкая тэмпература за сезон.
У красавіку сярэдняя па краіне тэмпература паветра склала +6,8°С, што ніжэй за кліматычную норму на 0,5°С. Адмоўная анамалія распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі Беларусі, дасягнуўшы найбольшых значэнняў па Магілёўскай вобласці - ў сярэднім па вобласці -0,8°С. Найменшыя адмоўныя адхіленні тэмпературы ад кліматычнай нормы адзначаны ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях (у сярэднім па кожнай вобласці -0,2°С).
Май быў халодным - сярэдняя тэмпература склала +11,0°С, што ніжэй за кліматычную норму на 2,4°С. Апошні раз такі халодны май у Беларусі быў адзначаны ў 1999 годзе. За пасляваенны перыяд такая тэмпература ў маі бывае ў сярэднім прыкладна раз у 6 гадоў. Адмоўная анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Гомельскай вобласці (у сярэднім па вобласці -2,8°С), найменшых – у Віцебскай вобласці (у сярэднім па вобласці -2,1°С). Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+28,9°С) адзначана ў Жыткавічах 11 мая – гэта самая высокая тэмпература паветра за сезон.

Колькасць ападкаў за вясну 2020 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі
За вясновы сезон на тэрыторыі краіны выпала ў сярэднім 121 мм ападкаў або 89% кліматычнай нормы. Максімальная колькасць ападкаў зарэгістравана ў Магілёўскай вобласці - 155 мм або 120% кліматычнай нормы. На астатняй тэрыторыі адзначаны дэфіцыт ападкаў, а мінімальная іх колькасць зарэгістравана ў Мінскай вобласці – 101 мм або 72% кліматычнай нормы.
Рэжым ўвільгатнення на працягу сезона быў неаднародным. У сакавіку ў сярэднім па Беларусі выпала 34 мм ападкаў, што склала 86% кліматычнай нормы. Празмернасць увільгатнення адзначалася на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, дзе на працягу месяца выпала 47 мм або 131% нормы. Па астатняй частцы краіны сума ападкаў была ніжэй за норму і найменшая іх колькасць адзначана ў Брэсцкай вобласці – 23 мм або 65% нормы. Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. Снежнае покрыва на большай частцы тэрыторыі краіны адсутнічала, толькі месцамі пры выпадзенні ападкаў у выглядзе снегу яно ўсталёўвалася на непрацяглы час. На апошні дзень месяца снежнае покрыва вышынёй 0,1-6 см адзначалася пераважна па ўсходзе і паўднёвым усходзе краіны. У асобныя суткі месцамі па рэспубліцы адзначаліся туманы, слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. У Гродне 14 сакавіка назіралася мяцеліца. У асобных раёнах адзначаліся навальніцы, град, узмацненне ветру парывамі 20 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру, якая дасягнула крытэрыяў АЗ, зарэгістравана на станцыі Ашмяны (25 м/с) 13 сакавіка і Гродна (27 м/с) 14 сакавіка – гэта найбольшая хуткасць ветру за вясновы сезон.
У красавіку ў сярэднім па Беларусі выпала 13 мм ападкаў, што склала 34% кліматычнай нормы. У ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага сухога да самага вільготнага, красавік 2020 года заняў 4 месца. Самым засушлівым з'яўляецца красавік 2019 года з сярэдняй па краіне сумай ападкаў роўнай 7,0 мм. Дэфіцыт увільгатнення адзначаўся па ўсёй тэрыторыі краіны. Больш за усё ападкаў выпала ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе выпала па 17 мм ападкаў, што складае 44 і 42% нормы адпаведна. Менш за ўсё ападкаў адзначана ў Гомельскай вобласці - 8 мм або 19% нормы. На працягу месяца ў асобныя суткі адзначаліся навальніцы, месцамі град, назіраліся туманы, у пачатку месяца - галалёд. У красавіку максімальныя парывы ветру дасягалі 15-24 м/с.
У маі ў сярэднім па краіне назіралася празмернасць ападкаў - выпала 75 мм або 127% кліматычнай нормы, аднак па тэрыторыі краіны яны распаўсюджваліся нераўнамерна. Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Гомельскай вобласці – ў сярэднім па вобласці 94 мм або 165% нормы - такая вялікая колькасць ападкаў для гэтага рэгіёну адзначаецца прыкладна раз у 15 гадоў, пачынаючы з 1945 года. Менш за ўсё ападкаў выпала ў Мінскай вобласці - 58 мм ападкаў або 96% нормы. Ападкі выпадалі часта, у асобныя суткі іх колькасць месцамі перавышала 20 мм. Максімальная сутачная колькасць ападкаў (41,0 мм) зарэгістравана 7 мая ў Касцюковічах і 30 мая ў Ганцавічах. Дажджы месцамі суправаджаліся навальніцамі, градам і ўзмацненнем ветру парывамі да 15-22 м/с.

Сярэдняя колькасць ападкаў і кліматычная норма
за месяцы вясновага сезону 2020 года па Рэспубліцы Беларусь

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў