Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
02.12.2020

Кліматычная характарыстыка лістапада 2020 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за лістапад 2020 года склала +3,8°С, што вышэй за кліматычную норму на 2,9°С. Так цёпла ў лістападзе на тэрыторыі краіны за пасляваенны перыяд бывае прыкладна адзін раз у 9 гадоў, а з 1981 года – прыкладна раз у 5-6 гадоў.
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра лістапада
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь

Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася паўсюдна. Найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Віцебскай вобласці (+3,4ºС), у Гомельскай вобласці адхіленні былі найменшымі (+2,6 ºС). Усе тры дэкады месяца былі цёплымі. Першая дэкада была вышэй нормы на 4,1°С, другая – на 1,9°С, трэцяя – на 3,0°С.
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
па дэкадах лістапада 2020 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

Дзённыя тэмпературы на працягу першай дэкады ў асноўным былі вышэй +5,0°С, а ў самыя цёплыя суткі перавышалі 10-ці градусную адзнаку. У другой дэкадзе тэмпература паветра днём у асноўным складала +1 +9°С, у асобныя суткі месцамі паніжалася да 0 -3°С, а ў самыя цёплыя дні па паўднёвым захадзе дзе-нідзе дасягала +10 +11°С. У трэцяй дэкадзе дзённыя тэмпературы ў асноўным складалі +1 +4°С, дзе-нідзе апускаліся да слабаадмоўных значэнняў, а ў асобныя цёплыя дні месцамі павышаліся да +5 +8°С. Максімальнага значэння (+14,7°С) тэмпература паветра дасягнула днём 7 лістапада на станцыі Гомель.
Тэмпература паветра ўначы ў першай дэкадзе месяца знаходзілася пераважна ў межах +1 +8°С, у самыя халодныя ночы паніжаючыся да адмоўных значэнняў. У другой дэкадзе - вагалася ад +7 да -5°С. У трэцяй дэкадзе месяца тэмпературы паветра ноччу вагаліся ад -4°С да +5°С. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Палеская 11 лістапада і склала -5,0°С.
Колькасць ападкаў за лістапад 2020 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

За лістапад у сярэднім па краіне выпала 35,9 мм ападкаў (78% кліматычнай нормы). Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Віцебскай вобласці (49,4 мм або 101% кліматычнай нормы за месяц). Менш за ўсё ападкаў было адзначана на тэрыторыі Гомельскай вобласці – 24,7 мм або 54% кліматычнай нормы.
На працягу месяца ападкі выпадалі нераўнамерна. У першай і другой дэкадах адзначаўся недабор ападкаў, у трэцяй іх выпала некалькі вышэй за норму. У першай дэкадзе выпала 7,8 мм (51% дэкаднай нормы), у другой - 11,6 мм (76% дэкаднай нормы), у трэцяй - 16,8 мм (111% дэкаднай нормы). Максімальная сутачная колькасць ападкаў зарэгістравана на станцыі Езярышча 27 лістапада (14 мм).
Колькасць ападкаў і кліматычная норма 
па дэкадах лістапада 2020 года па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

У першай дэкадзе месяца ападкі выпадалі пераважна ў выглядзе дажджу. У другой і трэцяй дэкадах месяца разам з дажджом адзначалася выпадзенне снегу і мокрага снегу, у асобных раёнах на непрацяглы час усталёўваўся снежны полаг. На апошні дзень месяца яго вышыня на большай частцы тэрыторыі склала ад 0,5 да 16 см (Езярышча).
У асобныя суткі месяца месцамі назіраліся слабыя туманы і галалёд, узмацняўся вецер да 15-18 м/с, максімальнае яго значэнне (18 м/с) зарэгістравана на станцыі Ашмяны 20 лістапада.
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў