Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
04.09.2020

Кліматычная характарыстыка лета 2020 года

Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон 2020 года склала +18,8°С, што на 1,4°С вышэй за кліматычную норму. Мінулы сезон заняў 11 месца ў 140-гадовым ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезона. Станоўчая анамалія распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Гомельскай і Гродзенскай абласцях (1,7°С). 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за летні сезон
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

За гэтае лета адзначана ад 26 да 67 гарачых дзён (з тэмпературай +25°С і вышэй) пры норме 22-48 дзён. 
Максімальная тэмпература паветра летняга сезону зарэгістраваная ў Жлобіне 11 чэрвеня (+34,4ºС), мінімальная – 14 жніўня ў Бабруйску (+3,1°С).
Сярэдняя тэмпература паветра па месяцах лета 2020 года 
і кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

Тэмпературны рэжым лета быў неаднародным. 
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень склала +19,6°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,2°С. Першы месяц лета заняў 4 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад чэрвеня перавышала кліматычную норму. Асабліва цёплымі выдаліся другая і трэцяя дэкады, сярэдняя тэмпература якіх перавысіла кліматычную норму на 4,7 і 4,0°С адпаведна. Тэмпература паветра ў першай дэкадзе была вышэйшай за норму на 1,1°С. На метэастанцыях Лепель, Мар'іна Горка і Магілёў былі перавышаныя месячныя тэмпературныя рэкорды, а ў Слаўгарадзе рэкорд паўтораны. Максімальная тэмпература паветра (+34,4°С) зарэгістраваная 11 чэрвеня ў Жлобіне, мінімальная – 5 чэрвеня ў Бярэзінскім запаведніку (+3,2°С).
У ліпені сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала +18,3°С, што ніжэй за кліматычную норму на 0,1°С. Пачынаючы з 1881 года, такая і больш нізкая тэмпература паветра ў ліпені ў сярэднім па краіне бывае прыкладна раз у 2 гады. Па тэмпературнаму рэжыму месяц быў неаднародным. Першая дэкада была цёплай з сярэдняй тэмпературай паветра на 1,1°С вышэй за норму, тэмпература паветра другой і трэцяй дэкад была ніжэй за норму на 0,7 і 0,6°С адпаведна. 
Максімальная тэмпература паветра адзначана 11 ліпеня ў Мазыры (+32,7°С), мінімальная – 24 ліпеня на станцыі Палеская (+4,3°С). 
У жніўні сярэдняя па краіне тэмпература паветра склала 18,6°С, што вышэй за кліматычную норму на 1,3°С. Жнівень гэтага года заняў 9 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага месяца, пачынаючы з 1945 года. Усе тры дэкады былі цёплымі, але цяплей было ў першай і трэцяй дэкадах, сярэдняя тэмпература паветра якіх была вышэй за норму на 1,6 і 1,8°С адпаведна. Максімальная тэмпература паветра адзначана 20 жніўня ў Брагіне (+33,4°С), мінімальная – 14 жніўня ў Бабруйску (+3,1°С). 
На працягу ўсяго летняга сезону на тэрыторыі краіны тэмпература паветра не дасягнула крытэрыю небяспечнай з'явы.
Колькасць ападкаў за лета 2020 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі

За лета ў сярэднім па Беларусі выпала 231 мм ападкаў, што складае 99% кліматычнай нормы летняга сезону. Найбольшая за сезон колькасць ападкаў выпала ў Віцебскай вобласці - 271 мм або 112% кліматычнай нормы. Менш за ўсё ападкаў выпала ў Гродзенскай вобласці - 188 мм або 81% кліматычнай нормы.  
На працягу сезону ападкі выпадалі нераўнамерна.
У пачатку лета адзначаўся лішак увільгатнення: у першым летнім месяцы ў сярэднім па рэспубліцы выпала 104 мм ападкаў, што склала 129% кліматычнай нормы.  У ліпені і жніўні ападкаў выпала менш чым звычайна: у ліпені ў сярэднім па Беларусі выпала 68 мм або 80% кліматычнай нормы, а ў жніўні – 59 мм або 87% кліматычнай нормы.  Сутачны максімум ападкаў за летні сезон адзначаны 14 чэрвеня ў Магілёве - 62 мм. 
Колькасць ападкаў па месяцах лета 2020 года і 
кліматычная норма па тэрыторыі Беларусі

Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, часцяком суправаджаліся навальніцамі і ўзмацненнем ветру.  Месцамі выпадаў град, які ў чэрвені дасягаў крытэрыю небяспечнай з'явы. У асобныя суткі чэрвеня і ліпеня дажджы былі вельмі моцнымі і месцамі дасягалі крытэрыяў небяспечнай з'явы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах назіраліся туманы.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў